Адна прафесія і лёс

Планы, сшыткі, дзіцячы лагер на канікулах – звычайная настаўніцкая атрыбутыка. У калег сужэнцаў яна пануе не толькі на працы. Педсаветы непрыкметна перабіраюцца і на ўласную кухню, падпарадкоўваючы школе цалкам усё жыццё. Сёння на Жыткаўшчыне ўпаўне можна ствараць “роднасную” школу. У нашых установах адукацыі шчыруюць не меньш за 16 сямейных пар. Пра бонусы і недахопы сумеснай прафесіі – з першых вуснаў.

Марозавы: сакрэт у паразуменні

Вольга Анатольеўна ў іх саюзе адказвае за граматнасць, Генадзь Мікалаевіч — за спорт. Будучыя настаўніца рускай мовы гімназіі і фізрук СШ №3 пабачыліся ў агульнай студэнцкай кампаніі, калі вучыліся ў розных мінскіх ВНУ. Свае пачуцці жыткаўчанка і жыхар Піншчыны правяралі доўгіх пяць гадоў, пабраўшыся шлюбам пасля атрымання дыпломаў.арозавы: сакрэт у паразуменні

— Працаваць разам ніколі не хацелі, — папярэджвае маё пытанне філолаг. — Па-першае, у абодвух выдатныя калектывы, а па-другое, (усміхаецца) за дзень паспяваем засумаваць адзін па аднаму.

Найгалоўнейшымі складнікамі сваёй гармоніі Марозавы лічаць павагу і поўнае разуменне. Як бы ні стараліся пакідаць “спецыяльнасць” па-за школай, прафесійныя тэмы ўсё роўна часам усплываюць за вячэрай. Быць у курсе ўзаемных вучэбна-выхаваўчых падзей — гэта нармальна.

— Бывала, правярала нейкія справаздачы мужа на памылкі ці падказвала нешта ў Word, — настаўніца лічыць, што без ўзаемападтрымкі не абысціся ў любым саюзе, — а ён мяне заахвоціў да лыжных прагулак і зрабіў балельшчыцай брэсцкага футбольнага клуба “Дынама”.

Пазбегнуць эмацыйнага выгарання ім дапамагае не толькі рознае хобі, а і хвіліны цішыні, калі для ўзнаўлення маральных сіл не забараняецца на некаторы час пасля працы разысціся па розных пакоях. На дваіх у сужэнцаў 49 гадоў школьнага стажу і 23 сямейнага. Яны сталі бацькамі адзінага сына, які зараз вучыцца ў Горацкай сельгасакадэміі.

 

Каляда: ён, яна і школа
У дырэктара Рычоўскай СШ Мікалая Уладзіміравіча і выкладчыцы рускай мовы гэтай жа ўстановы Наталлі Рыгораўны Дзень настаўніка двайное свята. Дваццаць адзін год таму старшакурснікі фізмата і філфака Мазырскага цяпер педуніверсітэта выбралі яго для свайго вяселля.Каляда: ён, яна і школа

 

— Мяне не іначай як лёс “пакараў”, — здзіўляе прызнаннем жанчына, успамінаючы, як казала сяброўкам па інтэрнату, што не ўяўляе сабе мужа калегу. — Цяпер жа не згадзілася б нават па розных школах разысціся. Ды і ў выбранай справе ні я, ні муж за столькі год не расчараваліся. Хаця паступаў ён у ВНУ, маючы за плячыма чыгуначны тэхнікум.

На першых парах вучні, магчыма, спрабавалі выкарыстоўваць іхнія роднасныя сувязі ў сваіх мэтах. Падбівалі Наталлю Рыгораўну на шантаж другой паловы, каб за прыгатаваны боршч яе муж ставіў ім па фізіцы добрыя адзнакі. Канечне, то быў жарт.

Першая іх сустрэча адбылася на жыткавіцкай аўтастанцыі. Наташа ехала з вучобы ў свае Бярэжцы, а Мікалай кіраваўся на родную Століншчыну. Да інстытуцкага выпускнога маладыя ўжо нарадзілі дачушку. Яна, дарэчы, вырашыла працягнуць дынастыю, зараз на трэцім курсе лінгвістычнага ўніверсітэта. Сын жа стаў студэнтам радыётэхнічнага каледжа.

— Педагога ніхто не зразумее так, як калега, — упэўнены галава сям’і. Рычоўскі калектыў ён узначальвае дзесяць гадоў і не хавае, што да жонкі ставіцца больш патрабавальна, чым да іншых. —Рэжым: разам 24/7 для мяне, чалавека, які вырас ў настаўніцкай сям’і, звычайнасць і адзіныя плюсы. Нават, калі дома пасварымся, у жыцці ўсякае бывае, на працы хочаш-не хочаш прыйдзецца гаварыць, так і прымірэнне хутчэй наступае.

 

 

Леська: з дзяцінства разам

Жана і старэйшы на тры гады Ігар родам са столінскай вёскі Луткі, што мяжуе з Тураўшчынай. Выраслі на адной вуліцы і сябравалі з маленства. Пакуль дзяўчына атрымлівала атэстат дзесяцігодкі, юнак пасля васьмі класаў паспеў скончыць педвучылішча. Дыплом Мазырскага ўніверсітэта ён атрымаў завочна, без адрыву ад выкладання, паступіў, як толькі  дэмабілізаваўся. А яна студэнткаю гэтай установы стала адразу пасля школы. Распісаліся Леські ў 1989 годзе.

Хацелася быць бліжэй да бацькоў, тлумачыць пара выбар месца жыхарства. Але так выйшла, што вакансія настаўніка працоўнага навучання для Ігара Пятровіча знайшлася толькі ў Марохараўскай СШ. Замест яе неўзабаве пабудавалі новую школу ў суседняй Дуброве. Пасля дэкрэтнага водпуску і Жана Фёдараўна пачала там выкладаць матэматыку. Здавалася: гэта часовы варыянт, а выйшла назаўжды. У іх радні з абодвух бакоў нямала сейбітаў разумнага, добрага, вечнага. А вось дзве ўжо дарослыя дачкі Леськаў пайшлі іншымі прафесійнымі дарогамі.

Сужэнцам не раз прапаноўвалі павышэнне (у яе ёсць практыка завуча), але тыя на дырэктарскія пасады не згаджаюцца, як і не бачаць сябе ў іншай сферы. Выбар далейшага шляху галавы сям’і вызначыў талент гуртаваць вакол сябе вулічную дзятву, а на яго палову ў гэтым сэнсе паўплываў грамадскі вопыт у піянерыі ды камсамоле. Ён аддаў працы 33 гады, яна — 27, а калі разам — то атрымліваецца юбілей. Праз нейкі тэрмін, акрамя згаданых дысцыплін, у раскладзе Ігара Пятровіча з’явіліся ўрокі фізічнай культуры, а Жана Фёдараўна стала выкладаць у дзяўчынак працоўнае навучанне.

— У нас кабінеты побач і некаторые захапленні аднолькавыя, — мужчына прыкмячае падабенства нават у дробязях. — З задавальненнем агароднічаем, выступаем як вакалісты на розных мерапрыемствах. З асабістага: яна любіць вырошчваць кветкі, маё хобі — разьба па дрэве.

— Настаўніцкая праца патрабуе поўнай аддачы, — дадае Жана Фёдараўна, — іншым разам прыходзіцца ледзь не жыць у школе. Чый бы муж сказаў: “Чамадан у рукі — і на выхад”, а мне пашанцавала на аднадумца.

 

Ефімовічы: дапамога         словам і справай

Гэта пара таксама настаўнічае ў Дуброўскай сярэдняй школе. Наталля Міхайлаўна вучылася ў Мінску. Радзіма географа і намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці — вёска Хваенск. Андрэй Іванавіч з Мілевічаў, выкладае матэматыку і інфарматыку, скончыў Мазырскі педінстытут. Разам яны трыццаць пяць гадоў ідуць па жыцці. Ефімовічаў пазнаёміла Палосцевіцкая дзесяцігодка. Яе кіраўнік, ківаючы на ўчарашнюю студэнтку, нібы ў ваду глядзеў: “Андрэй, будзе яна тваёй жонкаю”. Праз два месяцы пасля жнівеньскай нарады хлопец зрабіў прапанову, а вяселле зладзілі ў студзені.

— Толькі сядаючы ў аўтобус, каб ехаць на экзамены, прызналася маме: дакументы падала ў педагагічны, — жанчына распавядае, што сям’я бачыла яе ўрачом. — Я знайшла сябе ў прафесіі, але ж, думаю, што і доктар з мяне атрымаўся б добры. Мінусаў у нашым прафесійным тандэме не бачу, бо родны чалавек заўжды падтрымае і словам і справай.

Ісці за настаўніка Андрэю Іванавічу параіў завуч. Юнак жа, як браты, схіляўся да інжынернага хлеба, але паслухаў свайго педагога і не шкадуе. Бацькоўскую ж мару ажыццявіў сын, ён праектуе і будуе Мінск-сталіцу. Хто ведае, можа ў клас працаваць прыйдуць унучка ці ўнук Ефімовічаў, якія пакуль дашкольнікі.

— Дома мною не вельмі пакамандуеш, — гуморыць мужчына ў адказ на пытанне пра падпарадкаванне жонцы-адміністратару. — А ў школе патрэбна па статусу. Але ж яна патрабуе, а потым сама і дапаможа, калі будзе неабходнасць.

У выхадны яны — сужэнцы, а на працы на “вы” і па бацьку.

Педагагічны партрэт

*Прафесійнае свята сустракаюць супрацоўнікі 26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, двух дадатковай, 11 дашкольнай, адной спецыяльнай, а таксама сацыяльна-педагагічнага цэнтра і  вучэбна-метадычнага кабінета.

*У сістэме адукацыі раёна працуюць 1780 чалавек, каля 900 з якіх — педагогі.

*Вышэйшую адукацыю маюць 84 працэнты яе работнікаў, настаўнікі — 94%.

*Сярэдні заробак працаўнікоў сферы адукацыі раёна складае 748 рублёў, педагогаў — 970 руб.

*У педагагічных калектывах налічваецца 18 працэнтаў мужчын.

*Штогод на працу ў сістэму прыходзіць прыкладна 25 маладых спецыялістаў.

*Пяцёра педагогаў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

*Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 37 працэнтаў педработнікаў, першую — 38%.

*Па ўзроставаму складу супрацоўнікаў сферы адукацыі лідзіруе катэгорыя 40-49 гадоў, на якую прыпадае 40 працэнтаў штату. Пятая частка — 50-54 гады і 16% — 32-39 гадоў.

*Колькасць вучняў на Жыткаўшчыне складае 4408, дашкольнікаў — 1387.

*У найбуйнейшых школе займаюцца 968 чалавек, садзе — 318. Самыя нешматлікія ўстановы наведваюць адпаведна 18 навучэнцаў і 11 выхаванцаў.

 

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.