На пяцьсот гадоў – сотня дубоў

Незвычайны і досыць сімвалічны падарунак атрымала вёска Хваенск з нагоды свайго юбілею.

У пяцісоты дзень нараджэння ў паселішчы заклалі дубраву. На яе пасадку цёплым суботнім днём месцічы выходзілі цэлымі сем’ямі.

— Мама, мама, я сам, — пяцігадовы Ягор Аліфіравец, ўзброіўшыся маленькай, якраз па ўзросту, рыдлёвачкай, капае лунку, абярэжна, распраўляючы карэньчыкі, ставіць саджанец і прыграбае глебу да танклявага стволіка. — Гэта маё дрэўца, няхай расце вялікае-вялікае.

Не ўседзела дома і адна са старэйшых жыхарак Хваенска Серафіма Чарнушэвіч. Надыходзячай вясною ёй споўніцца 80. Пазіраючы на талаку, вочы бабулі ззяюць радасцю. Яна памятае яшчэ тую вёску, што поўнілася дзіцячым смехам ды рыканнем ідучых з пашы кароў, гулам калгасных трактароў і песнямі пад гармонік на вячорках. У лепшыя гады тут жылі больш за 800 чалавек, а сёння колькасць насельніцтва скарацілася да сотні з невялікім. Але, незважаючы на імклівую ўрбанізацыю, вёска доўжыць уласную гісторыю. Свежыя старонкі ў яе лёсе звязаны з аграсядзібай “Естествознание”, што не так даўно адкрылася ў памяшканні былога клуба. Мы ўжо расказвалі пра гаспадыню гэтага турыстычнага аб’екта Анастасію Цяслюк, якая літаральна ўдыхнула новае жыццё ў размераны быт тутэйшых палешукоў. Менавіта ёй належыць “дубовая” ідэя.

— Яна вырасла з мары стварыць лішнюю падставу для прыезду гарадскіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, па якіх дужа сумуюць гэтыя сівыя галовы, — вяртаецца на некалькі месяцаў назад завадатарка праекта. — За падтрымкаю пайшла на прыём да міністра лясной гаспадаркі, які распарадзіўся, каб лясгас выдзяліў саджанцы. З трактарам, што нарэзаў разоры, дапамагло Перароўскае лясніцтва, а месца вызначылі разам са старшынёй Азяранскага сельсавета Міхаілам Аліфіраўцом. Нам нават нябесная канцылярыя спрыяла, паслаўшы доўгачаканыя дажджы. Так разам усё і зладзілася, проста людзі ў нас залатыя, — не шкадуе кампліментаў Настасся.

Пад дубраву, якая абяцае стаць зонай адпачынку, выбралі вызвалены ад старой сядзібы ўчастак на Юбілейнай (як супала!) вуліцы. Пакуль крочылі да месца, пенсіянерка Галіна Бабічава прыгадала, што вёска хоць і завецца па-сасноваму, славілася некалі менавіта дубамі, пад якімі растуць асабліва духмяныя, крамяныя, з чорнай шляпкаю баравікі. Спачатку добрую справу, як заведзена, благаславілі святыя айцы Ілья і Сафроній. А потым некалькі дзясяткаў чалавек дружна прыступілі да галоўнай падзеі: адны рабілі адтуліны ў глебе, другія саджалі дубочкі, трэція палівалі іх вадою з калодзежа-“жураўля”. І ўсе разам верылі, што дасць Бог уздымецца і зашуміць іхні лес, радуючы наступныя пакаленні хваянчан. І не звядзецца паселішча.

Зрабіў дзела — гуляй смела. Працягам свята стаў вялікі канцэрт. У аграсядзібе выступілі ансамбль “Купалінка” з Прыбалавічаў Лельчыцкага раёна і знакамітыя салісткі з Пагоста. Дзень вёскі атрымаўся дужа атмасферным і шчырым.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.