Свята хлебаробскай славы

У прайшоўшую суботу Мазыр прымаў галоўнае свята хлебаробаў вобласці –

“Дажынкі”. Актыўны ўдзел ва ўрачыстасцях прыняла і дэлегацыя Жыткаўшчыны. Шасці нашым найбольш увішным аграрыям уручылі заслужаныя ўзнагароды.

Па вуліцыз аркестрам

Распачалося свята з шэсця  прадстаўнікоў рэгіёнаў. Калона, у якой механізатары, кіраўнікі і спецыялісты раёнаў і гаспадарак, самадзейныя артысты, на гарадскія вуліцы бесперапынна выпраменьвала цудоўны настрой і весялосць. Не сціхалі чароўныя гукі гармонікаў і песняў. З гэтай місіяй у страі жыткаўчан паспяхова спраўляўся калектыў “Палессе” Дварэцкага дома культуры. Мазыране, што сабраліся на цэнтральнай плошчы, апладысментамі сустракалі гасцей, радуючыся іх здабыткам, якіх аграрыі дабіліся на сёлетнім жніве. Са сцэны хлебаробаў прывітаў губернатар вобласці Генадзь Салавей, шчыра падзякаваўшы ўсім за плён старанняў, якія людзі праявілі на збожжавых палетках. Старшыня аблвыканкама ў сваёй прамове нагадаў, што зараз той час, калі закладваецца падмурак будучага ўраджаю, і ёсць немалыя рэзервы, каб каравай Гомельшчыны ў наступным годзе аказаўся намнога цяжэйшым. Сельгаспрадпрыемствам вобласці па сілах збіраць па мільёну і болей тон каласавых.

 

У нас “Багач”

Далей дзея разгарнулася непасрэдна на падворках раёнаў. Жыткавіцкі апынуўся ў самым эпіцэнтры. І варта сказаць, што яго аздобленасць стала самай багатай, яскрава адлюстроўвала выбраную тэматыку.  Гандлёвыя рады акцыянерных таварыстваў “Тураўскі малочны камбінат”, “Тураўшчына”, “Доследны рыбгас “Белае”, прафесійнага ліцэя, нашага філіяла абласнога спажывецкага таварыства былі пад завязку насычаны разнастайнай прадукцыяй. І мазыране гэта ацанілі, купляючы смакоты, удзельнічаючы ў дэгустацыях. З вялікім задавальненнем ласаваліся вэнджанай рыбкай і селядцом, сырамі, гарачай юшкай і варанай кукурузай, шашлыкамі і іншым печывам. Эстэтычны выгляд гандлёвых радоў дапаўнялі кампазіцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацва. Экспанаты для выстаў прадаставілі майстры з розных паселішчаў рэгіёна. Несціхана лілася на падворку музыка і спевы. Менавіта імі самадзейныя артысты народнага ансамбля “Жытніца” прывіталі губернатара Генадзя Салаўя. Дарэчы, згаданы калектыў парадаваў жыхароў Мазыра паўгадзіннай канцэртнай праграмай і на галоўнай канцэртнай пляцоўцы “Дажынак”.

Увогуле кожны мог знайсці сабе на свяце занятак па густу. З цікавасцю народ разглядаў выставы караваяў, сучаснай і рарытэтнай сельскагаспадарчай тэхнікі, слухаў музычныя нумары, удзельнічаў у розных конкурсах.

 

Моцныя карані

Сярод тых прадстаўнікоў раёна, хто на ўрачыстым сходзе ў гарадскім Палацы культуры атрымаў узнагароды, аператар зернесушыльнага комплексу ААТ “Тураўшчына” Іван Кот. У хлопца моцныя хлебаробскія карані. Яго бацька Генадзь неаднаразова станавіўся лідарам абласнога і раённага саперніцтва сярод камбайнераў на жніве. Сын сёлета падтрымаў добрую традыцыю.

– На збожжатаку шчырую другі сезон, – расказвае Іван Генадзьевіч, – таму вельмі рады, што стаў пераможцам. Зразумела, вынік даўся нялёгка, працаваць даводзілася пазменна цэлымі суткамі. Дзякуючы дружнаму калектыву удалося давесці да патрэбных кандыцый увесь намалочаны рапс і зерне. А гэта болей як дзесяць тысяч тон. Канечне ж, калі падымаўся на сцэну, хваляваўся. Толькі пачуццё гонару аказалася большым, як не кажы, прадстаўляў цэлы раён на такім вялікім форуме.

Пасля цырымоніі ўзнагароджвання на грудзях кіраўніка акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Раісы Страх зазіхацеў знак «За заслугі па развіццю і ўмацаванню прафсаюзнага руху». Хаця Раіса Васільеўна кіруе гаспадаркай нядоўга, але і за такі час здолела згуртаваць калектыў, нацэліць яго на новыя і важкія здзяйсненні. Дарэчы, прафсаюзную узнагароду дырэктару таварыства ўручылі невыпадкова. У прадпрыемстве на кожнай сельскагаспадарчай кампаніі паспяхова вырашаюцца пытанні з арганізацыяй гарачага харчавання, тэхнікі бяспекі і іншыя. Адным словам, паміж кіраўніком і мясцовым прафкамам пануюць сапраўдныя партнёрскія адносіны, якія забяспечваюць абароненасць працоўных. Граматай Рэспубліканскага прафсаюза АПК узнагароджана старшыня пярвічкі Наталля Вакульчук. Адзначаны падзякай аблвыканкама механізатар ААТ “Жыткавічыхімсервіс” Янек Савіч. Чалавек ён старанны і сапраўдны земляроб. У арганізацыі за ім замацаваны тры машыны, на ўраджай працуе круглы год. На энерганасычаным “Беларусу” абрабляе зямлю, на РАСе вядзе догляд за пасевамі. І ўсюды паспявае не толькі на палях таварыства, але і іншых сельгаспрадпрыемствах.

Уладальнікамі яшчэ двух узнагарод аблвыканкама сталі прадстаўнікі КСУПа “Коленскае”: дырэктар гаспадаркі Іван Серада і механізатар Аляксандр Дрынеўскі. Разам з граматай кіраўніка яшчэ і прыс-падборшчыкам надзялілі. Відавочна, добрая падтрымка Івану Мікалаевічу, які толькі сёлета распачаў свой шлях у КСУПе на згаданай пасадзе. А вось поспехі Дрынеўскага вядомыя. Ён адзін з лепшых корманарыхтоўшчыкаў рэгіёна. І зараз штодзённа праяўляе сваё майстэрства на палетках, дзе ўбірае кукурузу на сілас.

Несумненна, што вярталіся жыткаўчане з абласных “Дажынак” у добрым настроі. А па-іншаму і не магло быць, бо кожная вялікая справа ў беларусаў заканчваецца не меней грандыёзным святам.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.