Тураўскія гаспадары

З кожным годам харашэе старажытнае паселішча над Прыпяццю. Свой унёсак у яго  добраўпарадкаванне разам з уладамі робяць і месцічы. Домам узорнага парадку дастойна звацца тут не адна сядзіба.

На вуліцы Савецкай нельга не спыніцца каля пяцісценка, дзе жыве шматдзетная сям’я Нічыпарук. За 13 гадоў, што разам, Таццяна з Русланам уласнымі рукамі зрабілі на падворку сапраўдны аазіс з фантанам і садовымі фігурамі. Пачуццё прыгажосці бацькі выхоўваюць і ў трох сваіх нашчадкаў. Па сцвярджэнні мужа і бацькі, сумесная творчасць дакладна не дае сумаваць.

Наступны адрас – завулак Энгельса. Сінім колерам радуе мінакоў даволі сціплая хата, затое ўчастак літаральна патанае ў зеляніне. Гаспадыня Ганна Варабей не ўяўляе свайго жыцця без кветак, яе захапленне цалкам падтрымлівае муж Міхаіл. Асаблівая прыхільнасць пенсіянеркі да калекцыі лілій, а найбольш ганарыцца рэдкім кампсісам: летам на кусту ад бутонаў лісця не бачна.

Ёсць прыклад для пераймання і на вуліцы Рычоўскай. Вуглавы дом Паліны Радзіёнавай ведаюць многія – не раз жанчына рэзала для мясцовых школьнікаў букеты. Стракатае расліннае покрыва на яе ўчастку “ляжыць” з ранняй вясны да позняй восені, шмат вазонаў і ў пакоях. Тураўчанка працавала швачкай. Прызнаецца, што кветкі для яе заўжды былі і застаюцца своеасаблівай тэрапіяй.

Святлана Шакалян

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.