Уладзімір Гаўрыловіч — студэнтам: «Беражыце і даражыце сваёй дзяржавай!»

Фото взято из открытых источников

Літаратурны вечар беларускага празаіка, публіцыста і драматурга Уладзіміра Гаўрыловіча, прысвечаны 35-годдзю яго творчай дзейнасці, прайшоў у Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога.

Сярод чытачоў, якія пабывалі на сустрэчы з вядомым творцам, былі студэнты розных курсаў выкладчыкі, прадстаўнікі кіраўніцтва.

На пачатку — цёплае слова пра літаратара і кіраўніка (У. Гаўрыловіч у свой час працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, галоўным рэдактарам раённай і гарадской газет, уласным карэспандэнтам рэспубліканскага выдання, цяпер узначальвае Гомельскае абласное аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”) сказала кіраўнік літаратурна-музычнай гасцінай “Натхненне” Святлана Качур, а затым гучала прамова пісьменніка, удзельнікі вечарыны таксама змаглі паглядзець дакументальны фільм пра творчасць гомельскага творцы.

Уладзімір Гаўрыловіч падзяліўся аспектамі сваёй творчасці: напрыклад, як само жыццё падказвае яму сюжэтныя калізіі і як далей, выйшаўшы з-пад пяра майстра, набывае жыццёвасць новы мастацкі твор, ці хвалюе пасля абнародавання яго лёс самога аўтара, ці знаходзіць ён належны чытацкі водгук, які ён, такі, які хацелася б чуць аўтару ці крыху іншы, а таксама пра тое, што пісьменніка і дзеяча культуры асабліва непакоіць сёння.

Магістральнымі, па прызнанню літаратара, у яго творчасці (выдадзена 27 кніг: раманы, аповесці, апавяданні, літаратурная публіцыстыка, драматычныя творы) з’яўляюцца наступныя тэмы: няпростае жыццё нашага народа ў 20-30 гады мінулага стагоддзя, генацыд у дачыненні да беларусаў і прадстаўнікоў іншых народаў Беларусі з боку заходнееўрапейскіх “гуманных” краін у гады Вялікай Айчыннай вайны, вера і каханне як адзінае цэлае, тэма маральнасці і чалавечнасці ў сучасны перыяд.

Уладзімір Гаўрыловіч “прыадкрыў”  і некаторыя сакрэты сваёй творчай майстэрні, асноўнай задачай якой з’яўляецца ісці толькі ад жыцця, не ствараючы нечага штучнага, імкненне ўзвысіць свайго героя – простага чалавека, на яго прыкладзе прымусціць задумацца ніколі не паўтараць памылкі літаратурнага героя.

У сваю чаргу, чытачы павіншавалі пісьменніка з напісаннем новага мастацкага твора – аповесці “Святая Параскева”.

Пісьменнік заклікаў удзельнікаў вечарыны, найперш моладзь, прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб зберагчы для наступных пакаленняў фальклорныя, народныя традыцыі і абрады, якія сёння пакуль яшчэ жывыя, аўтэнтычныя, бо, на яго думку, “…яны – душа і генетыка народа”, цаніць сямейныя каштоўнасці, мову і культуру, берагчы як самы дарагі скарб і даражыць сваёй дзяржавай, сваёй Беларуссю, бо яна патрэбна толькі нам, а беларусы, як сведчыць гісторыя, наўрад ці каму патрэбны ў свеце, яны патрэбны толькі самім сабе і на сябе. І толькі розумам, сваёй працай мы можам мець шчаслівую будучыню ў сябе дома.

Для папаўнення бібліятэкі ВНУ пісьменнік перадаў кнігу прозы “Агледзіны” з аўтографам, а таксама іншыя выданні.

Доктар тэхнічных навук, дацэнт, прарэктар па навуковай дзейнасці Андрэй Бойка павіншаваў вядомага літаратара з 35-годдзем творчай дзейнасці, пажадаў яму здароўя, шчасця і далейшага творчага плёну. А завяршылася сустрэча гасцяваннем у “Беларускай хатцы”:  стравы  падрыхтавала кіраўнік літаратурна-музычнай гасцінай “Натхненне”, прапагандыст усяго беларускага Святлана Качур.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.