Прапановы для галоўнага закона

Першай, хто звярнуўся ў грамадскую прыёмную райвыканкама па пытаннях канстуцыйнага рэфармавання і змен у заканадаўства краіны, стала жыткаўчанка Н. Канапацкая. Дзяжурыўшаму намесніку старшыні райвыканкама Дзмітрыю Лабко, жанчына выказала адразу некалькі прапаноў.

З улікам эпідэмічнай сітуацыі яна выказала іх па тэлефону. Мяркуючы па шырыні тэматыкі, відавочна, што гараджанка – чалавек нераўнадушны да тых працэсаў, якія адбываюцца ў рэспубліцы, і мае вялікае жаданне такім чынам паўдзельнічаць у паляпшэнні жыцця ў дзяржаве. Як сведчыць практыка, акрэсленыя кабетай пытанні хвалююць многіх людзей. Найперш яны тычацца змен у дзяржаўнай палітыцы у сферы прадастаўлення сацыяльных ільгот, гарантый і кампенсацый насельніцтву ў залежнасці ад удзелу кожнага чалавека у грамадска-карыснай дзейнасці, а таксама ў дачыненні працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, з мэтай сацыяльнай справядлівасці.

Выказала жанчына свае прапановы і па маладзёжнай палітыцы. Як мяркуе заяўніца, патрэбна распрацаваць больш дэталёвы механізм размеркавання студэнтаў на іх першыя рабочыя месцы пасля заканчэння навучальных устаноў, зыходзячы з іх маральна-дзелавых якасцей і ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці краіны, таксама ўлічваць гэтыя факты пры ўключэнні ў кадравы рэзерв на прызначэнне на кіруючыя пасады. Зрабіла акцэнт і на неабходнасці наладзіць у навучальных установах сістэмную ідэалагічную адукацыю, якая грунтуецца на ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці.

Свае меркаванні жыткаўчанка агучыла і па працэсах развіцця інтэграцыі Беларусі і Расіі. На яе думку, аб’яднанне двух народаў без страты сувенерытэтаў на аснове ўзаемнай выгады, у тым ліку адзіная мытная палітыка, супрацоўніцтва ў сферах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, і іншых, роўныя правы беларусаў у Расійскай Федэрацыі з’яўляецца непазбежным працэсам.

Сваю работу грамадская прыёмная ў райвыканкаме не спыняе. 19 лістапада дыялог з жыхарамі рэгіёна ў ёй вёў старшыня Жыткавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта. А на наступным тыдні, 24 і 26 лістапада, на дзяжурства заступяць намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі і кіраўнік раёна Аляксандр Сідарэнка. Нагадаем, што ў згаданыя дні звярнуцца са сваімі прапановамі да іх можна з 16 да 18 гадзін непасрэдна, або па тэлефону: 50000.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.