Вялікія перспектывы маленькіх Электронікаў

Чаму вучыць дзіцячая ІТ-адукацыя?

Пакуль грамадскасць разважае, ці змогуць робаты поўнасцю замяніць людзей, хлопчыкі і дзяўчынкі з Жыткавіцкай СШ №3 пачынаюць ствараць свае першыя “разумныя” мадэлі. Месяц таму тут запусцілі праект “Інжынерны інавацыйны клас”.

Заняткі робататэхнікай сталі магчымымі дзякуючы выпускніку ўстановы Сяргею Балбуцкаму. Прадстаўнік сталічнага ТАА “Обучение и инновации”, які ўзначальвае згаданую праграму, ахопліваючую зараз сем школ і гімназій Беларусі, сам выйшаў на родную альма-матэр.

— Ад такіх прапаноў не адмаўляюцца, — дырэктар школы Ганна Друк падкрэслівае, што заўжды вітала прагрэс ва ўсіх праявах. — Рэалізаваць ідэю ўдалося за некалькі месяцаў. Два нашыя педагогі, якія пагадзіліся выкладаць новы курс, у час канікулаў прайшлі дадатковую падрыхтоўку ў адпаведнасці са стандартамі кампаніі РОББО. Апошняя прадаставіла неабходнае абсталяванне, робатэхнічныя канструктары, наборы схематэхнікі, стэнды і методыку. Незважаючы, што факультатыў платны, недахопу ў жадаючых асвойваць інфармацыйныя тэхналогіі не было. Бацькі разумеюць, наколькі такія веды для іх дзяцей могуць аказацца запатрабаванымі ў прафарыентацыйным аспекце.

Пакуль з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Марынай Яфімавай крочым да лінгафоннага кабінета, дзе займаюцца будучыя Электронікі, яна распавядае пра арганізацыйныя моманты. Інжынерны клас — гэта пяць рознаўзроставых груп, у кожнай з якіх восем чалавек, па колькасці камп’ютараў у пакоі. Заняткі па-за раскладам, накшталт факультатыву, доўжацца пару гадзін штотыднёва. Курс разлічаны на два гады.

Па серадах у свет праграмавання ўводзяць самых маленькіх — друга- і трэцякласнікаў. Шумнай чародкай прыбеглі яны з прадлёнкі і расселіся па сваіх месцах. Пасля знаёмства васьмігадовая Сафія паведаміла, што канструяваннем захапілася з маленства. Падараваны Дзедам Марозам Lego — любімая цацка. Цяпер школьніца жадае збіраць электронных робатаў, кіраваць якімі будзе з дапамогай камп’ютарнай праграмы.

— Тут так здорава, што заняткі пралятаюць незаўважна, — усміхаецца яснавокая прыгажуня, а ў адказ на пытанне, ці дзявочая гэта справа, парыруе, што, калі ёсць цікавасць, пол зусім не важны.

Па словах настаўніка інфарматыкі Святланы Яцкевіч, якая выкладае новую дысцыпліну ў пачаткоўцаў, праект і яе па-сапраўднаму зацікавіў, пашыраючы адукацыйныя межы.

— Можна сказаць, таксама вучуся разам з дзецьмі, — не саромяецца прызнацца педагог. — Пакуль мы яшчэ займаемся ўводзінамі, усё самае цікавае наперадзе. Але нашы малышы ўжо могуць “ажывіць” гатовыя робаплатформы, прымусіўшы рухацца па заданаму алгарытму, а з цягам часу будуць самі іх збіраць і праграміраваць. І гэта далёка не поўныя магчымасці курса, яго крайняй кропкай стане работа з 3D-прынтарам, які надрукуе задуманыя аўтарам дэталі для распрацаванага макета.

— Робаты паўсюдна ўваходзяць у наша жыццё, — падключаецца да размовы другі настаўнік інжынернага класа, фізік Аляксандр Гурыновіч і тлумачыць прыкладное значэнне таго, чаму вучыць дзяцей. — Шмат сучасных прыбораў працуюць з пульта, дык вось і нашы рабяты будуць ствараць падобныя ўстройства, але больш складаныя, і пісаць праграму, з дапамогай якой можна кіраваць якім-небудзь аб’ектам. Такая “высокаінтэлектуальная” робалабараторыя, напрыклад, выкарыстоўваецца ў вядомай электроннай платформе “Разумны дом”, яна збірае даныя аб стане навакольнага асяроддзя з розных датчыкаў і апрацоўвае атрыманую інфармацыю. Так адсочваюцца ўсе сістэмы жыццязабеспячэння  — свет, ацяпленне, газ і гэтак далей.

Ад перспектыў проста захоплівае дух. Сёння нашы дзеці ствараюць тое, што з поўным правам можна назваць будучыняй. Сучасныя школьнікі з лічбавымі тэхналогіямі і рознымі гаджэтамі на “ты” літаральна з паўзункоў і многаму ў гэтым сэнсе вучаць нас, дарослых. Трэба толькі дапамагчы ім развіць свае задаткі. Напэўна, залішне казаць пра карысць такога факультатыву, дзе вучні, нібы гуляючы, засвойваюць складаныя законы фізікі, матэматыкі ці інфарматыкі, лёгка разбіраюцца ў схематэхніцы, мікраэлектроніцы, Інтэрнэце рэчаў і  3D-мадэліраванні. Між тым спатрэбіцца робататэхніка можа не толькі будучым інжынерам, а і спецыялістам многіх сумежных галін — ад архітэктуры да мультыплікацыі. Стварэнне падобных класаў пасадзейнічае вырашэнню актуальнай праблемы — на рынку працы апошнім часам сур’ёзна пераважаюць гуманітарыі. Многія памятаюць, якой папулярнасцю ў савецкі час карысталіся гурткі тэхнічнай творчасці. Яны  выхоўвалі тысячы фізікаў, рукамі якіх ствараўся індустрыяльны фундамент краіны. Зараз жа надышоў час для развіцця Беларусі як ІТ-дзяржавы.

Гэта цікава

Тэрмін “робат” стагоддзе таму прыдумаў чэшскі пісьменнік-фантаст Карэл Чапек. Ён азначае “цяжкая манатонная праца, катарга”. Першым прамысловым робатам стаў аўтаматычны электрамеханічны маніпулятар, створаны ў ЗША. Распаўсюджванне “разумных” машын на прадпрыемствах пачалося ў 1961 годзе з механічнай рукі, укаранёнай на вытворчасці аўтамабіляў амерыканскага завода General Motors. А правобразам робатаў можна лічыць статуі багоў з рухомымі канечнасцямі і галавой, створаныя вынаходнікамі Старажытнага Егіпта, Вавілона і Кітая.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.