З праблемамі грамадскімі і прыватнымі

На “прамую тэлефонную лінію” да старшыні  раённага Савета дэпутатаў Уладзіміра Куляша звярталіся як гараджане, так і вяскоўцы. У заявах жыхароў прасочваўся не толькі прыватны інтарэс, але і грамадскі.

Напрыклад, апошняе было характэрна ў пытаннях жанчыны з Мілевічаў. У прыватнасці, яе турбавала, што палі каля яе паселішча і ў наваколлі не аруцца:

– Душа баліць, гледзячы як зямля, дзе раней красавала жыта і іншыя сельскагаспадарчыя культуры, цяпер зарастае кустарнікам і пустазеллем. Няўжо нельга паўздзейнічаць на кіраўніцтва акцыянернага таварыства “Людзяневічы”. Ля аднаймейнага аграгарадка кожны лапік засеяны, у Ленінскім Савеце палі таксама радуюць дружнымі ўзыходамі азіміны. Мы хочам, каб і ля нашых вёсак палеткі выглядалі дагледжанымі, а не ператвараліся ў лясныя масівы.

– Безумоўна, такая праблема існуе, –пагадзіўся з заяўніцай Уладзімір Мікітавіч, – і намаганні прыкладваюцца, каб яе вырашыць. На жаль, у мясцовай гаспадаркі пакуль малавата тэхнічных магутнасцей і фінансавых магчымасцей. Несумненна. Спецыялісты аграрнай галіны пастараюцца знайсці аптымальны выхад з сітуацыі.

Узята на кантроль і будзе даведзена да кампетэнтных структур і яшчэ адна праблема, якая непакоіць кабету – рамонт дарог у Мілевіцкім сельсавеце. Раней там ужо працавалі спецыялісты ДЭУ-111, але транспарт зноў нарабіў выбоін.

– Канечне, сітуацыя  з бальшакамі няпростае, асабліва, калі на гэтыя мэты выдаткоўваецца мізэр грошай, – заўважыў старшыня райсавета, – але і сядзець склаўшы рукі не будзем.

– Аб адным толькі папрашу, каб кіраўніцтва дарожнай арганізацыі прыслала выконваць справу сумленнага спецыяліста, а майстры пасля дэталёва праверылі яго работу. Усё ж грошы на яе пойдуць дзяржаўныя, – падвяла рысу пад гутаркай вяскоўка.

Жыткаўчанін, дарэчы, інвалід трэцяй групы, удзельнік ліквідацыі аварыі на чарнобыльскай АЭС, цікавіўся, як яму аздаравіцца ў беларускіх санаторыях. Пытанне таксама не пакінута без увагі, а падрабязны адказ мужчына атрымае ад спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.