Ці патрэбна ўзмацніць пакаранне за выкарэстанне піратэхнікі? Думкі жыхароў раёна

Новы год не за гарамі. Цяпер гэтае свята немагчыма ўявіць без запуску феерверкаў, узрываў пітард і выкарыстання іншай піратэхнікі. На жаль, даволі часта некаторыя грамадзяне гэтым вельмі злоўжываюць. Таму карэспандэнт раёнкі звярнуўся да гараджан з пытаннем: ці патрэбна ўзмацніць пакаранне за выкарэстанне піратэхнікі?

Фёдар Дудзіч, старшы інспектар сектара прапаганды і па ўзаемадзеянню з грамадскасцю РАНС:

— Па службе мне даволі часта даводзіцца сутыкацца з наступствамі бяздумнага і неахайнага выкарыстання піратэхнікі. Гэта і пажары, і пакалечаныя людзі, і іншыя непрыемнасці. Таму да тых грамадзян, якія сваімі ўчынкамі  даводзяць да такога несуцяшальнага выніку, неабходна прымяняць самыя жорсткія меры ўздзеяння. Правілы бяспекі напісаны для ўсіх.

Уладзімір Радавец, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК:

— Нічога страшнага не бачу ў тым, што людзі ствараюць сабе добры настрой, запускаючы салюты. Асабліва, калі робяць гэта з захаваннем усіх правілаў бяспекі і не перашкаджаюць іншым. А вось тых грамадзян, хто не прытрымліваецца ўстаноўленнага парадку, караць патрэбна даволі сур’ёзна. Таму лічу, што ў дачыненні хуліганаў  адказнасць патрэбна павысіць.

Наталля Ільеня, дырэктар Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя:

— Любая піратэхніка – гэта найперш небяспека, асабліва для падлеткаў, якія выкарыстоўваюць яе без нагляду дарослых. Да каго  больш жорсткае ўвяла б пакаранне, дык для тых людзей, якія гандлююць выбуховымі рэчывамі і дзеля нажывы гатовыя прадаваць іх непаўналетнім. А яшчэ для бацькоў, якія дапускаюць, каб іх дзеці гулялі з небяспечнымі цацкамі.

Аксана РУБЦОВА, супрацоўніца рэдакцыі:

— Мы на кожнае свята запускаем феерверкі. Хочацца парадаваць дзетак. Праўда, робім усё вельмі абачліва,  рэшткі ад салюта утылізуем. Я не скупілася б на пакаранне для тых, хто кідае петарды пад ногі прахожым або ўзрывае іх у месцах правядзення мерапрыемстваў і на вуліцах. Дарослыя павінны адчуваць адказнасць за ўласныя ўчынкі і прывіваць культуру паводзін нашчадкам.

 

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.