Калі прыбудзе дапамога? Правільна выклікайце хуткую

Амаль кожны з нас хаця б аднойчы ў жыцці выклікаў “хуткую”: сабе, родзічу, а то і незнаёмцу на вуліцы. Між тым у многіх узнікаюць пытанні, колькі чакаць брыгаду, як патэлефанаваць на 103 чалавеку з праблемамі слыху альбо маўлення і ці маюць права медыкі адмовіцца ад абслугоўвання пацыента. Разам са старшым фельчарам аддзялення “хуткай” дапамогі ЦРБ Леанідам Жогалем мы склалі зручную памятку.


Акрамя вядомага ўсім кароткага 103, для выкліку можна скарыстацца і гарадскім нумарам. Ён, дарэчы, цяпер новы — 29-103. Звароты ў службу хуткай медыцынскай дапамогі (ХМД) таксама прымаюцца на мабільны тэлефон 8-029-68-30-366 (А1). Гэту лінію, праз СМС-паведамленні, могуць выкарыстоўваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі слыху і маўлення. Да слова, аўтаматычны запіс тэлефоннай размовы захоўваецца 45 дзён.Званіць правільна

У кожным выпадку неабходна максімальна дакладна адказваць на пытанні дыспетчара — лаканічны дыялог паскарае прыём і камп’ютарную апрацоўку выкліка. Чалавек, які тэлефануе, павінен паведаміць прычыну звароту па дапамогу, прозвішча, імя, імя па бацьку і ўзрост пацыента, тэлефон, адрас (вуліцу, дом, пад’езд, паверх) і яго арыенціры. Пажадана сустрэць брыгаду ХМП у двары ці іншым прызначаным месцы.

 

Сёлета змянілася класіфікацыя выклікаў. Раней яны падзяліся на экстраныя, тэрміновыя і неадкладныя. Па новых правілах засталіся ўсяго дзве катэгорыі.

ЭКСТРАНЫЯ: час прыбыцця “хуткай” у горадзе не павінен перавышаць 20 хвілін ад званка, у іншыя населеныя пункты — 35 хвілін. Пры геаграфічнай немагчымасці выканання ў сельскай мясцовасці ўказанага нарматыву, прыцягваюцца брыгады ХМД прымежных раёнаў.

Да экстраных выклікаў адносяцца: пажар, надзвычайная сітуацыя, раптоўнае змяненне паводзін пацыента да трох гадоў, нечаканая змена рухальнай актыўнасці, страта прытомнасці, сып з высокай тэмпературай у дзяцей, атручэнне хімічнымі рэчывамі ці лякарствамі, глыбокія і шырокія раны, апёкі, сутаргі, ДТЗ, электратраўмы, роды і іншыя.

НЕАДКЛАДНЫЯ: брыгада павінна дабрацца да месца за 75 хвілін у горадзе і 90 хвілін даецца для прыбыцця ў сельскую мясцовасць.

Падставамі для такіх выклікаў з’яўляюцца: значныя змены артэрыяльнага ціску, персістіруючая арытмія, алергія, галаўны боль пры адсутнасці эфекта ад прыёму лякарстваў, боль у жываце, спіне, грудной клетцы, у канечнасцях, кровацячэнне, высокая тэмпература, неадэкватныя паводзіны, харчовае атручэнне і другія.

 

Служба ХМД не абслугоўвае грамадзян, не патрабуючых тэрміновай меддапамогі і здольных асабіста звярнуцца да ўрача ці спецыяліста ФАПа альбо выклікаць медыка на дом. “Хуткая” не выязджае для выканання назначаных доктарам лячэбных працэдур, каб правесці агляд грамадзян на алкагольнае ап’яненне, транспарціраваць для планавага лячэння ў стацыянары і ў іншых падобных выпадках. Акрамя таго, у сітуацыях пагрозы жыццю ці здароўю медперсанала (прысутнасць злых жывёл у памяшканні, пагроза зброяй асоб у алкагольным, наркатычным стане і падобнае) брыгада можа звярнуцца за падтрымкаю міліцыі. Пры немагчымасці забяспечыць асабістую бяспеку, яна мае права пакінуць выклік без абслугоўвання.

Варта таксама нагадаць, што грамадзяне, вінаватыя ў неабгрунтаваным выкліку ХМД, з хуліганскіх памкненняў паведаміўшыя няправільныя дадзеныя, а таксама дапусціўшыя супрацьграмадскія ўчынкі ў адносінах да персанала “хуткай”, прыцягваюцца да адказнасці па закону.

…У любую пару яны спяшаюцца на дапамогу, часта першымі ўступаючы ў барацьбу за здароўе пацыента. Праца гэтага атрада хуткага рэагавання – заўжды каласальная адказнасць, а яшчэ вытрымка, прафесіяналізм і нават мужнасць. Яна дастойна нашай удзячнасці і павагі!

Святлана Шакалян

фота ілюстрацыйнага характару

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.