Механізацыя ў надзейных руках

Як працуе кадравы рэзервіст

У галоўнага інжынера акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Мікалая Чорнага клопатаў у гэтыя дні хоць адбаўляй. У гаспадарцы распачаўся рамонтны сезон.

Каб ён прайшоў бездакорна, спецыялісту і яго падначаленым патрэбна не толькі забяспечыць усіх неабходнымі матэрыяламі, але і дасканала адшліфаваць арганізацыйныя моманты.  Адным словам, наладзіць працэс так, каб да вясны сельгаспрадпрыемства было тэхнічна падрыхтавана да выхаду на палеткі.

Мікалаю Леанідавічу не варта тлумачыць, што поспехі аграрнай галіны сёння немагчымыя без строгага захавання тэхналагічных патрабаванняў на кожным вытворчым участку.Дабіцца гэтага можна толькі пры адной умове, найперш дзякуючы прымяненню сучасных машын і агрэгатаў на палях і фермах. Пра значэнне механізацыі для галіны чуў ён у маленстве дома падчас размоў маці з бацькам, якія аддалі сельскай гаспадарцы не адзін год жыцця, а потым студэнтам старанна вывучаў на занятках у Буда-Кашалёўскім каледжы і ў аўдыторыях аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Апошнюю навучальную ўстанову Чорны закончыў без адрыву ад вытворчасці, што сведчыць аб яго імкненні  пастаянна ўдасканальваць уласны прафесійны ўзровень. Менавіта  такія адносіны  прыносяць добры плён пры выкананні ўскладзеных на галоўнага інжынера абавязкаў, дабратворна сказваюцца на яго кар’еры.

Акцыянернае таварыства “Тураўшчына”  для Мікалая Леанідавіча — першае і адзінае месца працы. Спачатку сачыў за станам абсталявання на кансервавым камбінаце, пасля ўзначаліў галіну механізацыі ўсяго сельгаспрадпрыемства.  З таго часу прайшло сем гадоў. І ў тым, што аграрыі Тураўшчыны ў вызначаныя тэрміны сеюць і ўбіраюць, выконваюць іншыя агратэхнічныя прыёмы, немалая заслуга Чорнага і яго каманды. Галоўны інжынер таварыства паспявае не толькі наведацца ў майстэрні і гаражы. Яго можна бачыць у любым структурным падраздзяленні, дзе працуе тэхніка. У гаспадарцы стварылі не толькі прыстойныя ўмовы для кар’ернага ўздыму спецыяліста, але і арганізавалі належны быт.

Дарэчы, працу на зямлі Мікалай Леанідавіч выбіраў свядома і цяпер не шкадуе, што пайшоў па такой нялёгкай жыццёвай дарозе. Больш таго, імкнецца яшчэ мацней пусціць карані і ўдасканаліць сваё майстэрства. Мікалай Леанідавіч з’яўляецца актыўным удзельнікам раённага праекта “Школа маладога кіраўніка”. Ён залічаны ў рэзерв кіруючых кадраў. Відавочна, што перспектывы для добрай кар’еры ў Мікалая Чорнага даволі вялікія, але ён добра ўсведамляе, што для іх пераўтварэння ў рэальнасць патрэбна пастаянна самаўдасканальвацца, паказваць годны вынік на замацаваным участку работы, праяўляць актыўнасць і ініцыятыву, каб  набыць належны аўтарытэт у калектыве.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.