Навука быць чалавекам

У вёсцы настаўнік больш чым проста прафесія

Кожную раніцу ногі самі нясуць яе ў клас да любімых вучняў і адміністрацыйных спраў. Ядвіга Бек, педагог вышэйшай катэгорыі, трыццаць пяць гадоў аддала народнай асвеце і іншага жыцця проста не ўяўляе.

Навучальны працэс у Хлупінскай базавай школе індывідуальны ў літаральным сэнсе, бо дзяцей тут як у адным гарадскім класе. Ядвіга Паўлаўна не хавае гонару, што пры такой сціплай колькасці ім ўдаецца ўдзельнічаць у большасці раённых праектаў. Толькі за апошні год разам налічылі 16 дыпломаў за паспяховыя выступленні ў розных конкурсах і асабліва спартыўных спаборніцтвах. Рэдкая зборная раёна абыходзіцца без мясцовых атлетаў.

– Проста ў нас удзельнічаюць усе, – тлумачыць хлупінскі фенамен настаўніца, дадаючы, што тут многае залежыць ад педагогаў. – Мы як адна сям’я, развіваем таленты ўсебакова, зацікаўліваючы вучняў тым, у чым маем уласны досвед. А настаўнікі нашы людзі творчыя і здольныя.

Ядвіга Паўлаўна другі год як стала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай дзейнасці. Крыху раней яе перавялі на выкладанне рускай мовы, хаця па дыплому і прызванню яна настаўнік пачатковых класаў. Жанчына прызнаецца, што дужа сумуе па сваёй асноўнай рабоце. Уводзіць дзіця ў Краіну ведаў, на яе думку, адказная высокародная місія:

– Пераступаючы школьны парог, малыш вучыцца не толькі чытаць і пісаць, а наогул жыць і быць чалавекам.

Кім стане, дзяўчынка Ядзя з Перароўскага Млынка ведала, напэўна, з маленства. З пяці гадоў, як самастойна па кніжках з вялікімі літарамі, што купляў татка, навучылася чытаць, яе любімай гульнёй стала школа. А калі ў настаўнікі падаліся старэйшыя дзеці сям’і, выбар саспеў канчаткова. Партрэты траіх (!) Саскевічаў (дзявочае прозвішча Ядвігі Паўлаўны) да гэтага часу вісяць на стэндзе чырвонадыпломнікаў Лоеўскага педагагічнага каледжа. Брат працуе гісторыкам ў Дуброўскай школе, сястра, настаўніца пачатковых класаў, жыве ў Бранску. Зразумела, усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Збіраючыся па святах, ім заўжды ёсць што абмеркаваць як калегам.

Першымі вучнямі нашай выпускніцы сталі яе землякі. У чатырохгадовай пачатковай школе ў Перароўскім Млынку яна была і выкладчыкам, і загадчыкам. У кожнага з дзесяці тагачасных хлопчыкаў і дзяўчынак – свая праграма. Каб лягчэй арыентавацца, маладая спецыялістка арганізавала дзве змены. З раніцы за партамі – перша- і другакласнікі, пасля абеду іх змяняюць старэйшыя. Праз 11 гадоў, калі малакамплектую ўстанову закрылі, пачаўся новы перыяд біяграфіі Ядвігі Бек. У Перароўскай БШ у кабінеце яе сустракаў ўжо паўнавартасны калектыў вучняў. Але паступова дэмаграфія паўплывала і на гэту школу, якой ўжо таксама няма. У Савеце застаўся адзіны комплекс у Хлупіне са статусам школа-сад.

– Выкладаць двум-тром чалавекам не лягчэй, – педагог развенчывае трывалае меркаванне, што ў малаколькасных школах павінны расці геніі. – Тут ёсць свая спецыфіка і складанасці. Многае, як вядома, залежыць ад закладзеных прыродай здольнасцяў, а вось тое, што нашы дзеці бліжэй да педагогаў – факт. Кантакт з сем’ямі трывалы, стасункі больш даверлівыя, праблем з дысцыплінай, як правіла, не ўзнікае.

Ядвіга Паўлаўна не стамляецца прызнавацца ў любові да сваёй прафесіі. Гэта шчасце – ні разу не расчаравацца ў зробленым выбары. З такіх педагогаў, як яна, бяруць прыклад і вучні. Толькі за апошнія некалькі гадоў па слядах сваіх настаўнікаў у прафесію пайшлі сямёра выпускнікоў школы.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.