Сваё падвор’е — для дзяцей прыволле

Што трэба для шчасця

Азяранцы Мікалай і Вікторыя Чуевы заўзята любяць рыбалку. Толькі паход на рэчку пакуль адкладваецца. Увесь іх вольны час забірае ўзвядзенне ўласнага дома.

У шматдзетнай сям’і быў выбар пабудаваць за дзяржпадтрымку гарадскую кватэру, як робяць многія жыхары перыфірыі. Але такі варыянт нават не разглядаўся. Хіба можна змяніць улонне прыроды і свабоду на сотню квадратных метраў з балконам?

Іхняя хата на Бячанскай вуліцы, дзе ў новых катэджах жыве пераважна моладзь, здалёк вылучаецца элегантнасцю чырвонай цэглы. З трубы — дымок як знак, што гаспадары тут. У прыадчыненыя дзверы выглядвае ўсмешлівы дзявочы тварык. За Сафійкай на ганак выходзіць маладая жанчына, запрашаючы на агледзіны. У прасторных пакоях чуецца прыемны пах абнаўлення. Да фінішу зусім блізка. Засталося ламінат пакласці, дзверы ўставіць і шпалеры паклеіць.

— Без субсідыі, канечне, не справіліся б, — з удзячнасцю за фінансавую дапамогу кажа Вікторыя. — Нам прафінансавалі 75 працэнтаў будоўлі, на астатюю частку ўзяты крэдыт на 20 гадоў. Вясною думаем засяліцца.

Спецыялістаў Чуевы наймалі толькі для “каробкі”, усё астатняе рабілі ўласнымі рукамі. Няхай і не хутка (тры гады мінула), затое эканомна. Удваіх і перагародкі ставілі, і сцены шпаклявалі, і плітку класці навучыліся. Атрымалася не горш, чым у профі.

— Пры жаданні сёння гэта не праблема, — далучаецца да размовы галава сям’і Мікалай. — Любую тэхналогію падкажа Інтэрнэт — глядзі і рабі. Зараз з вопытам, — жартуе, — можна і самім у брыгаду падацца.

Мужчына робіць у азяранскім дрэ-ваапрацоўчым цэху. Раней быў станочнікам і на пілараме шчыраваў, цяпер вартуе. Яго другая палова таксама знайшла тут фізічны занятак, які ўпаўне задавальняе. Жанчына прызнаецца, што па-сапраўднаму ўлюбілася ў гэты маляўнічы край, багаты на ягаднікі, рэкі і добрых людзей. Вясковае жыццё абодвум даспадобы ды і малым тут раздолле, не параўнаць з гарадской мітуснёй. Азяраны — паселішча немалое, школа побач, як і магазіны з Домам культуры. А па відовішчы ці на шопінг можна ў горад на машыне выбрацца. Праца ёсць, дзеткі растуць, наваселле хутка. Больш для шчасця нічога і не трэба, упэўнены сужэнцы.

Вікторыя родам з Буда-Кашалёўшчыны, пазнаёмілася з будучым мужам, жыхаром Азяран, калі прыехала ў суседнія Бечы да сяброўкі. Пасля шлюбу ён прывёў жонку ў бацькоўскую хату. Іх першынцу 11 гадоў. Коля-малодшы — галоўны татаў памочнік. З ахвотай вучыцца трымаць сякеру ў руках, марыць стаць будаўніком. Юрыя, на два гады малодшага за брата, вабіць сцэна. Без юнага саліста і баяніста не абыходзіцца ніводнае свята ў клубе ці школе. А ўсеагульная любіміца Сафійка, якой у студзені споўніцца пяць, пакуль “працуе” прынцэсай.

Паралельна з будаўнічымі клопатамі Чуевы ўпарадкоўваюць і свой участак. На ім ужо з’явіліся пладовыя саджанцы, маліна, запланавана месца пад клумбы, а новы хляўчук чакае гадаванцаў.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.