Верым у прафесіяналізм

З тым, як ажыццяўляе сваю дзейнасць Жыткавіцкая цэнтральная бальніца на цяперашні даволі няпросты і напружаны для медыкаў час, калі бушуе каронавірусная інфекцыя, знаёмы не па слухах.

На жаль, так здарылася, што кожны дзень амаль два тыдні даводзіцца  праведваць самага мне блізкага і дарагога чалавека. У цяжкім стане з аддаленай вёскі яго на машыне хуткай дапамогі даставілі ў стацыянар. І адразу ж жыткавіцкія медыкі неадкладна ўзяліся за яго аздараўленне.

Хаця гэта быў вечар выхаднога, урачы неадкладна паставілі дыягназ, правялі неабходныя працэдуры, падключылі пацыента да кропкі падачы кіслароду.  Усё гэта зрабілі ў зараз так называемым аддзяленні, якое перапрафіліравана для лячэння  СОVID-19.

Безумоўна, турбуючыся за лёс маці, ужо на наступную раніцу, зноў жа выхаднога, паспяшаўся ў бальніцу. Канечне, не спадзяваўся, што давядзецца яе ўбачыць і пагутарыць, але ж перадаць патрэбныя рэчы, якія ў спешцы перад гаспіталізацыяй не паспела прыхапіць з дому, было патрэбна. ЦРБ, як падалося, жыла ў звычайным сваім рытме, толькі папераджальныя надпісы на дзвярах сведчылі аб пагрозе, якую нясе пандэмія, і што патрэбна быць вельмі абачлівым і засцерагацца. Скажу так, захады ў плане прафілактыкі персаналам установы прынятыя вычарпальныя.

Каб аддаць перадачу, крыху давялося пачакаць у “чыстай зоне”, якая папярэднічае ўваходу ў адзяленне. За гэты час праз вялікае шкло ў дзвярах было добра відаць, як спецыялісты ў белых ахоўных касцюмах і масках, пераходзячы з адной да другой палаты, выконваюць свае абавязкі. Ад чаго прыйшло пэўнае супакаенне, што  і мая маці знаходзіцца ў адной з іх, а не месціцца на калідоры ці нейкім закутку.

– Для аказання медыцынскай дапамогі хворым на СОVID-19 у нас перапрафіліравана 92 ложкі, у тым ліку два для рэанімацыйных пацыентаў, – расказвае галоўны ўрач Жыткавіцкай ЦРБ Людміла Катлярчук. – З гэтай колькасці ў сярэднім бываюць занятымі  89 працэнтаў фонду. Так што вольныя месцы ў палатах  у наяўнасці пастаянна. Бальніца абсталявана 36 кропкамі доступу кіслароду, з якіх штосутачна задзейнічана каля дзясятка адзінак абсталявання.

Зрабіла кіраўнік установы аховы здароўя акцэнт і на іншых аспектах, якія прымаюцца калектывам у барацьбе з пандэміяй. У прыватнасці, медперсанал у поўным аб’ёме забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Больш таго маецца іх паўтарамесячны запас. 230 шматразовых ПЧК пастаянна апрацоўваюцца пасля выкарыстання. Няма праблем і з медыцынскімі прэпаратамі, у тым ліку і з антыкоагулянтамі. Наладжаны ў ЦРБ дзяжурствы дома ноччу і ў святочныя дні рэнтген-лабарантаў і ўрачоў лабараторнай дыягностыкі, якія неадкладна выклікаюцца ў згаданы час для правядзення неабходных даследаванняў на каронавірусную інфекцыю. Такая актывізацыя, як паказвае аналіз дзейнасці, дазволіла вылечыць 70 працэнтаў пнеўманій, асацыіраваных з кавідам. Толькі ў надзвычай цяжкіх выпадках пацыенты накіроўваліся ў іншыя ўстановы, а таксама пры неабходнасці на камп’ютарны тамограф у Мазырскую гарадскую бальніцу. У першую хвалю пандэміі такая практыка была масавай.

Лячэнне маёй матулі ў Жыткавіцкай ЦРБ працягваецца. І я веру ў прафесіяналізм нашых медыкаў, як і тыя людзі, якія зараз знаходзяцца пад іх апекай.

Меркаванні

Іван, 60 год:

– З пачатку паднялася тэмпература да 38,5, затым тэрмометр паказаў 39. З’явіўся кашаль, цяжка стала дыхаць. Выклікаў урача. Мяне шпіталізавалі. За ўвесь час лячэння, адчуваў да сябе належны клопат медыкаў.

Галіна, 43 года:

– Дыягназ COVID-19 мне паставілі пасля тэсціравання. Асаблівых сімптомаў не было. Толькі страціла магчымасць адчуваць пахі. Гэта стала нагодай паступлення ў стацыянар. Лячэнне правялі паспяхова, бо ў аддзяленні былі ўсе неабходныя лекі і абсталяванне і добрыя ўмовы.

Мікалай, 35 гадоў:

– Медыкі адразу выявілі маё захворванне. Прыкладзенныя імі намаганні, мае жаданне і ўзрост дапамаглі хутка стаць на ногі.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.