Каб жыццёвы стан лепшым стаў

Сваю дзейнасць Дзякавіцкі сельвыканкам ажыццяўляе ў цесным супрацоўніцтве з насельніцтвам, а таксама арганізацыямі і ўстановамі, што размешчаны на тэрыторыі Савета. Менавіта разам удаецца вырашаць многія задачы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця людзей. Па словах кіраўніка вясковай улады Валянціны Жураўлевіч, такія намаганні прыносяць нядрэнны плён.

– У мінулым годзе нямала зроблена ў справе добраўпарадкавання паселішчаў, месцаў пахавання, – расказвае Валянціна Васільеўна. – Напрыклад, на могілках у Хвойцы ўстанавілі і пафарбавалі 180 метраў бетонных агароджаў. Працягнем тут працу і сёлета. Ужо закуплены слупкі і іншыя элементы яшчэ на 150 метраў. Свежымі фарбамі зазіхацелі і платы на вятчынскім  пагосце. А сёлета ў населеным пункце абновяць частакол і на цэнтральнай вуліцы. Спілавалі сорак аварыйных дрэваў у вёсцы Буда. Увогуле ў сваёй большасці летась многае з намечанага ўдалося ажыццявіць.

Уласныя словы старшыня сельвыканкама падмацоўвае чарговымі канкрэтнымі справамі, паказваючы, наколькі за год палепшыўся стан тэрыторый ля лясніцтваў, школы, Дома культуры, амбулаторыі, іншых аб’ектаў сацыяльнага прызначэння.  Для гэтага належнае старанне ўласнаручна праявілі калектывы ўстаноў. Дбаюць яны пра парадак не толькі ля сябе, але і ў грамадскіх месцах. Яшчэ нядаўна амаль у цэнтры аграгарадка стаяў занядбалы будынак дзіцячага садка. Цяпер гэтая мясціна прыбраная. Са зносам памяшкання справіліся ўладальнікі – ААТ “Дзякавічы” і “Прыазёрскае-Агра”. Дзякуючы ім зніклі і паўразбураныя пабудовы былога калгаса: піларама, склады. Дарэчы, на акцыянерныя таварыствы кіраўніцтва адміністрацыйнай тэрыторыі ўскладвае надзеі і на перспектыву. У першую чаргу, яны звязаны з увядзеннем у эксплуатацыю буйнога малочнатаварнага комплексу.  Вопыт узаемадзеяння маецца, асабліва ў сферы землекарыстання. Усе пусткі, якія прымыкаюць да ўгоддзяў згаданых сельгаспрадпрыемстваў, уведзены ў севазварот. А гэта не меней сотні гектараў зямлі, якая доўгія гады выкарыстоўвалася неэфектыўна або зусім была пакінутай. Але больш за ўсё Валянціну Жураўлевіч радуе тое, што і жыхары не стаяць у баку ад справы. Для вядзення ўласных гаспадарак яны актыўна афармляюць  зямельныя надзелы, якія вызваляюцца пасля зносу недагледжаных пакінутых дамоў. Вось і сёлета намечана пазбавіць вясковыя вуліцы яшчэ ад чатырох такіх будынін. Неабходныя дакументы падрыхтаваны і перададзены ў адпаведныя ўстановы для прыняцця патрэбнага для пачатку работ рашэння.

– Імкненне людзей абзавясціся дадатковым агародам нам на руку, – адзначае Валянціна Васільеўна. – Гэта дапамагае не толькі падтрымліваць парадак на зямлі, але і дазваляе вяскоўцам мацаваць свой дабрабыт, дзякуючы чаму гаспадары сядзіб усё актыўней укладваюць сродкі ў паляпшэнне знешняга выгляду дамоў і падворкаў. Мне здаецца, што паміж сем’ямі сталага веку ў гэтай справе ідзе нейкае таемнае саперніцтва. Кожны стараецца, каб яго паселішча выглядала лепш за суседскае. І такія ініцыятывы ўладай толькі вітаюцца, бо чым больш прыгожых прыватных домаўладанняў, тым прыбаўляецца  чысціні і парадку ў цэлым у населеных пунктах.

Накіроўваць ініцыятывы людзей у патрэбнае рэчышча старшыні Савета дапамагаюць  яго давераныя асобы і дэпутаты.  У сваёй большасці менавіта яны забяспечваюць збор самаахвяраванняў на грамадска-карысныя справы, агранізоўваюць жыхароў на суботнікі і іншыя мерапрыемствы, накіраваныя на паляпшэнне мясцовага жыцця. Народныя абранікі з’яўляюцца яшчэ і першымі дарадцамі ў кіраўніка вясковай улады, бо пра патрэбы насельніцтва ў тым ці іншым паселішчы ведаюць не па чутках, а праз непасрэдны кантакт з людзьмі. У ліку такіх актывістаў Галіна Кудзелька, Людміла Будчанін, Ігар Мосін, Ева Кудзелька, Вольга Буката і другія. Хаця і сама Валянціна Жураўлевіч з ахвотай сустракаецца з вяскоўцамі. Таму сельвыканкам упэўнена трымае руку на пульсе жыцця адміністрацыйнай тэрыторыі. Пад яго кантролем не толькі пытанні добраўпарадкавання, але і медыцыны, гандлю, культуры, правапарадку, сацыяльнага абслугоўвання і іншыя. Адным словам, усё, што дазваляе людзям жыць камфортна.

– На жаль, насельніцтва меншае, – з сумам канстатуе Валянціна Васільеўна. – На цяперашні час на тэрыторыі Савета пражываюць 680 чалавек, палова з якіх пажылыя. Вёска Пасталы апусцела поўнасцю. Пэўную спецыфіку ў работу ўносіць наяўнасць у сельсавеце малых вёсачак з насельніцтвам у некалькі дзясяткаў чалавек, у асноўным старых дзядуль і бабуль. А ім не толькі ўвага патрэбна, а і бяспечнае пражыванне. З выяўленнем негатыўных фактараў у дамах пенсіянераў паспяхова спраўляецца сельсавецкая назіральная камісія.

Вось з такіх розных, малых і вялікіх  клопатаў складваюцца паўсядзённыя будні вясковай улады ў Дзякавіцкім Савеце. Так, маюцца ў іх пэўныя цяжкасці і праблемы, але перад імі не пасуюць, а прыкладваюць намаганні, каб паспяхова выправіць недахопы.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.