Таісія Зарэцкая пяць гадоў даглядае адзінокіх вяскоўцаў

Жанчына хутка навучылася падбіраць ключык да сэрцаў сваіх падапечных.

— Старыя нібы малыя, — дзеліцца прафесійнымі назіраннямі сацыяльны работнік з Азяран, — найперш ім патрэбна ласка і шчырая спагадлівасць. А яшчэ важна добрае слова, сказанае ў патрэбную хвіліну, і ўпэўненасць, што ні адзін іх давераны “сакрэт” не выйдзе з хаты.

Як найжаданейшага госця Таісію Фёдараўну чакаюць па васьмі адрасах: у сваім аграгарадку, Борках і Знаменцы. Сярод яе падапечных некалькі чалавек з інваліднасцю, ёсць і прыкуты да ложку дзядуля. Для кожнага сацработнік не проста, як самі кажуць, нянька, іншы раз яна радней за дачку. А такая ацэнка сведчыць пра многае.

Усюды паспець жанчыне дапамагае веласіпед, на якім іншы раз прыходзіцца за дзень пераадольваць па 25 кіламетраў. Нярэдка на дапамогу прыходзіць муж на машыне. Асабліва ў  выхадныя. Так, з асабістым часам, прызнаецца Таісія Фёдараўна, лічыцца не дае сумленне. У падоўжаныя святы па-за графікам абавязкова праведае сваіх пенсіянераў, каб не сядзелі без свежага хлеба ці, напрыклад, дроў. А летам яшчэ і градкі іхнія ўвагі патрабуюць.

— Да фізічнай працы з дзяцінства прывыкла, — разважае субяседніца, — а ўменне наладжваць кантакты прыйшло, напэўна, з жыццёвым вопытам. Неяк так атрымліваецца, што мне, нібыта свяшчэнніку, выкладваюць душу. Робячы хатнія справы, слухаю сваіх падапечных і думаю: мы ж усе такімі будзем…

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.