Чатыры медалі вышэйшай пробы

У суботу калектыў прафсаюзнай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” прымаў гасцей. Нагодай для гэтага стаў чэмпіянат вобласці па гіравому спорту. Па словах дырэктара ўстановы Леаніда Макарэвіча, пасля гадавога перапынку па прычыне covid-19, атлеты з  вялікім задавальненнем выйшлі на памосты і паказалі выдатныя дасягненні.

Канечне, гаспадарам турніра давялося правесці вялікую работу, каб належна сустрэць спартсменаў, арганізаваць для іх умовы для спаборніцтва. Былі прыняты і вычарпальныя прафілактычныя захады ад каронавірусу: паміж сапернікамі стваралася сацыяльная дыстанцыя, у дастатковай колькасці меліся дэзынфіцыруючыя сродкі для апрацоўкі інвентару і рук.

Усяго пазмагацца за званне мацнейшых гіравікоў Гомельшчыны прыбыло пяць каманд: дзве з Гомеля, па адной з Мазыра, Светлагорска і з нашага райцэнтра. У агульнай колькасці на памост выйшлі дваццаць пяць спартсменаў. Няхай іх і было меней чым на папярэдніх абласных чэмпіянатах, але па напалу эмоцый сёлетні ў многім пераўзыходзіў іх.

– Калі разрыў паміж пераможцамі і прызёрамі вымяраўся ўсяго адным-двума ачкамі, то гэта прамое сведчанне таго, наколькі сур’ёзна лепшыя гіравікі былі нацэлены на перамогу, – расказвае Леанід Макарэвіч. – У адной групе лідара ўвогуле ўдалося ўстанавіць толькі пасля паўторнага ўзважвання.

– Не чакаў такой канкурэнцыі, – заўважае чэмпіён свету па гіравому спорту, мазыранін Сяргей Дарошка. Дарэчы, ён ураджэнец нашых краёў. – Нава не прыпомню, каб так зацята ішло змаганне. У многім гэта сталася дзякуючы калектыву “Матора”, які надзвычай адказна паставіўся да правядзення абласнога першынства. Радуюся і за поспехі тутэйшых атлетаў, якія паказалі выдатныя вынікі. А гэта прамое сведчанне, што мясцовая гіравая школа паспяхова выконвае сваё асноўнае прызначэнне – рыхтуе спартсменаў самай высокай пробы.

Гэтыя словы пахвалы заслужаны гіравік выказаў невыпадкова. Жыткавіцкія спартсмены на абласным саперніцтве паказалі проста ашаламляльны вынік. З чатырох заваяваных медалёў усё вышэйшай пробы. У ліку тых, хто прынёс нашай дружыне перамогу, Ілья Федаровіч, Андрэй Савіч, Рыгор  Савіч і Дар’я Кавалёва. Менавіта іх здабыткі з’явіліся падставай, каб галоўны суддзя спаборніцтваў уручыў жыткаўчанам і галоўны прыз – ганаровы кубак.

– Канечне, рады за землякоў, – прызнаецца старшыня абласной федэрацыі гіравога спорту Аляксей Юзюк. – Асабліва імпануе, што Дар’я Кавалёва будзе прадстаўляць Гомельшчыну ў складзе каманды на Чэмпіянаце Рэспублікі ў Шчучыне.  Ёсць немалая верагоднасць, што далучацца да нас і Рыгор Савіч.  Гэта правераныя байцы і спадзяюся, на першынстве краіны яны таксама не падвядуць.

Сезон распачалі гіравікі вобласці станоўчым стартам. І ўсе адзінадушна ўпэўнены: дзякуючы штодзённым трэніроўкам і ўласнай самааддачы такімі ж паспяховымі будуць і наступныя турніры.

Сяргей Белка

Фота Аляксея Юзюка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.