Дух саперніцтва ў атмасферы яднання

Гарачы лёд

Праграму адкрылі хакейныя баталіі. Спачатку ў таварысцкім матчы сышліся маладзёжныя зборныя райцэнтра і горада Турава. Вынік сустрэчы 1:0 на карысць гаспадароў лёду. Каток школьнікі саступілі ветэранам спорту. Удача ў гэты дзень павярнулася тварам да зборнай раёна, але не лічылі сябе прайграўшымі і жыткаўчане, бо таксама атрымалі задавальненне ад актыўнасці на свежым паветры.

Спорт справе памочнік

Галоўнай падзеяй афіцыйнай часткі свята стала падвядзенне вынікаў спартакіяды калектываў фізічнай культуры 2020 года. Пераможцаў прывітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка. Лідарам спаборніцтва прызнана МВУ “Жыткавічыгаз”, другое месца заняла ДЮСШ і замкнула тройку самых актыўных фізкультурнікаў ААТ “Тураўшчына”. Узнагароду як лепшы спартсмен года атрымаў наш легкаатлет, чэмпіён Рэспублікі Беларусь у бегу на 10 000 метраў Сяргей Краўчэня.

Збеглі ад негатыву

Снегу сёлета хапіла ўсім. Нават падчас адкрыцця свята, як па заказу, з неба церушылі пушыстыя сняжынкі. Ну, а які ж зімні фестываль без “каронкі” праграмы – лыжных гонак. Арганізатары пастараліся максімальна задзейнічаць патэнцыял розных катэгорый насельніцтва і яго геаграфію, падключыўшы сельскія Саветы. У турніры нават удзельнічала каманда заўзятараў гэтага спорту з Бабруйска.

Пасля пробнага круга на чале з кіраўніком раёна першымі ў барацьбу ўступілі вучнёўскія каманды жыткавіцкіх і тураўскіх школ. На наступным этапе ў асабістым першынстве спаборнічалі прадстаўнікі 11 працоўных калектываў. Заключным відам праграмы сталі эстафеты, у іх змагаліся 14 сем’яў і прадстаўнікі жыткавіцкіх і тураўскіх устаноў сярэдняй адукацыі і ліцэя. Забегі адрозніваліся дыстанцыямі — ад 150 да 2000 метраў — у залежнасці ад катэгорыі спартсменаў і іх узросту.

Фінансава падтрымалі свята акцыянерныя таварыствы “Жыткавічыхімсервіс” (Ігар Галавач), “Тураўскі малочны камбінат” (Вольга Луцко),ТАА “Эрбен груп” (Сяргей Суматохін) і РАС ДТСААФ (Валерый Ляўковіч).

Весела і смачна

Пакуль лыжнікі адчайна махалі палкамі, не гублялі часу і шматлікія гледачы. Добры настрой на пляцоўцы падтрымлівалі самадзейныя артысты, не давалі сумаваць і бібліятэкары. Спажывецкая кааперацыя запрашала ў сваё вулічнае міні-кафэ. Рыбгас “Белае” варыў юшку. Дымілася паходная кухня і прафесійнага ліцэя, з якой раздавалі бясплатную кашу, а арганізацыя  Чырвонага Крыжа частавала гарачым чаем. Шмат эмоцый выклікала катанне на снегаходзе, наладжанае лясгасам. Не засталіся па-за ўвагай і дзеці, якіх займалі ў гульнях аніматары.

Нашы імёны —усім рэкордам

Найвыдатнейшых камандных вынікаў у лыжных гонках сярод вучняў дасягнула Тураўская СШ №2, сярод КФК перамаглі работнікі аддзела адукацыі райвыканкама. У сямейнай эстафеце не было роўных трыа ў складзе Сяргея Краўчэні, Вольгі Некрашэвіч і Аліны Некрашэвіч. У маладзёжнай — мацнейшай сталі прадстаўнікі СШ №2 г. Жыткавічы.

Прамая мова

Аляксандр Сідарэнка, старшыня райвыканкама:

— Такія святы не толькі папулярызуюць актыўны лад жыцця, а і спрыяюць яднанню людзей. Рады таму, што ўдалося выцягнуць народ на свежае паветра, каб забыць пра гаджэты, хваробы  і пераключыцца на пазітыў.

Надзея Толкач, правізар, цэнтральная аптэка №90:

— Дзякую богу, што дазваляе мне дагэтуль захоўваць актыўнасць і выходзіць на лыжню. Лічу, любы спорт чалавеку на карысць.

Васіль Руцкі, начальнік элеватара хлебнай базы:

— Канечне, імкнуўся не падвесці свой калектыў. Па-мойму, галоўнае — удзел. Траса выдатная, бег з задавальненнем.

Лідзія Іванова, пенсіянерка:

— Надакучыла падчас пандэміі сядзець у чатырох сценах. Здаецца, на людзей паглядзела, дык і сама паздаравела.

Уладзімір Цуба, рабочы Ленінскага сельвыканкама:

— І малая дачка Даша забавілася, і я выступіў за Савет. Крыху стаміліся, канечне, ад далёкай паездкі, але станоўчых эмоцый яшчэ хопіць надоўга.

 

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.