Патрэбная і запатрабаваная

У народзе кажуць: на адным месцы і камень абростае, а чалавек – тым больш. Без пераўвелічэння гэта можна аднесці да нашай калегі,  Міхнавец Галіны Антонаўны, якая 35 гадоў адпрацавала ў школе і днямі адзначыла 60-годдзе.

Галіна Антонаўна нарадзілася ў вялікай сялянскай сям’і ў вёсцы Хільчыцы. Да сённяшняга дня наша калега нясе ў настаўніцкае  асяроддзе культуру, традыцыі і жыццёвыя вартасці, якія выхавалі ў ёй бацькі.

Пасля сканчэння Хільчыцкай сярэдняй школы, Галіна Антонаўна паспяхова вытрымала  іспыты ў Мазырскі Дзяржаўны педінстытут імя Н. К. Крупскай на фізіка-матэматычны факультэт. Будучы студэнткай, заўсёды была на перадавой: і старастам і камсоргам… Станоўчыя рысы, уменне пераканаць, выпрацаваныя ў студэнцкія гады, бачны і зараз у рабоце і паводзінах Галіны Антонаўны.

 Пасля сканчэння інстытута ў 1985 годзе была накіравана ў Грабаўскую васьмігадовую школу настаўнікам  фізікі і матэматыкі. Аднак праз месяц яе ўжо прызначаюць завучам гэтай жа школы. Тут, у Грабава яна сустракае свой лёс, мужа Міхаіла, з якім ідзе поплеч ужо 33 гады. Маладой сям’і выдзяляюць добраўпарадкаваны дом у Мілевічах. У гэты час Галіна Антонаўна пераводам уладкоўваецца ў дзіцячы садок выхавальнікам. У 1993 годзе яе запрасілі на пасаду  завуча Беразняцкай васьмігадовай школы. На працягу чатырох гадоў яна выконвае абавязкі намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Пасля закрыцця Беразняцкай школы, Галіну Антонаўну прызначаюць педагогам сацыяльным  у Мілевіцкай сярэдняй школе. Давялося Галіне Антонаўне папрацаваць і выхавальнікам групы падоўжанага дня, куды рознаўзроставыя дзеці “беглі” з задавальненнем. Бо заўсёды Галіна Антонаўна ўмела іх зацікавіць, захапіць нейкай падзелкай, аплікацыяй, рукадзеллем, пагуляць разам з дзецьмі ў валейбол і розныя рухомыя гульні.

Нягледзячы на свой узрост, Галіна Антонаўна  працуе і зараз.  Асвоіўшы некалькі гадоў таму бібліятэчную справу, яна надзвычай паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. На яе рабочым месцы – заўсёды парадак. Штотыднёва мяняюцца інфармацыя і стэнды, кніжныя выставы, прымеркаваныя юбілейным датам ці значным падзеям, праводзяцца з дзецьмі літаратурныя чытанні, падарожжы і інш..

Разам з мужам нарадзілі і выхавалі дзюх дачушак-прыгажунь. Абедзьве з вышэйшай адукацыяй, стварылі сем’і і знайшлі сваё месца ў жыцці, за што ніколі не забываюць дзякаваць сваім бацькам. Кожнае лета Галіна Антонаўна і Міхаіл Уладзіміравіч сустракаюць пяцёра ўнукаў, якія з задавальненнем праводзяць час у бабулі з дзядулем.

Акрамя сваіх абавазкаў у школе і дома, Галіна Антонаўна яшчэ знаходзіць час паспяваць, прычым варта, значна і прыгожа.  Яна – адна з удзельніц  Народнага ансамбля “Стрэчанне” Грабаўскага Дома культуры.

Жыццё склалася. Галіна Антонаўна заўсёды адгукнецца на чужы боль, паспачувае, параіць, падтрымае. Я ўпэўнена, што гэтак ставяцца да яе і калегі. Мы шчыра жадаем Вам здароўя! Кожны дзень для Вас няхай свеціць сонца, няхай яшчэ доўгі час з Вамі дзеляць радасці і  перажыванні Вашы родныя і блізкія.

Будзьце ж і надалей патрэбнай і запатрабаванай, паважаная Галіна Антонаўна!

В.М.Емельяновіч

 

 

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.