Рыбацкае шчасце

З карысцю правялі выхадны два з паловай дзясяткі працаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Яны паўдзельнічалі ў спаборніцтвах па зімовай рыбалцы “Залатая рыбка – 2021”, якую арганізавала раённае аб’яднанне прафсаюзных арганізацый.

На лёд вадаёма, які знаходзіцца ля вяслярнай базы, выйшлі сем каманд. Адна з іх прыбыла аж з Салігорска. Адмашку саперніцтву даў дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” Леанід Макарэвіч. Рыбакі-аматары без прамаруджвання ўзяліся за справу: пачалі свідраваць палонкі, закідваць прылады. Першым, каму пашчасціла выцягнуць акуня, стаў Анатоль Князеў з дружыны Жыткавіцкага філіяла Гомельскага спажывецкага таварыства. Спадарожнічала ўдача рыбаку і ў далейшым. Ён злавіў самы буйны экземпляр. Першае і другое дасягненне Анатоля Ільіча былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі.  У асабістым заліку таксама вызначыліся Дзмітрый Муравейка і Кірыл Гузаў.

Увогуле прадстаўнікі каапе-ратараў прадэманстравалі добрую падрыхтоўку, за што былі ўзнагароджаны старшынёй раённага аб’яднання прафарганізацый кубкам і дыпломам першай ступені. На ўласны рахунак згаданая каманда запісала больш як паўкілаграма вылаўленай рыбы. Другі па велічыні здабытак аказаўся ў аматараў цэнтральнай раённай  бальніцы.

Шанцавала на спаборніцтвах і камандзе КУП “Жыткавіцкі камунальнік”. Дарэчы, у яе складзе была і адзіная жанчына. Па словах Наталлі Кучынскай, займаецца яна рыбалоўствам даволі шмат часу. Разам з калегамі не раз адстойвала гонар прадпрыемства на абласным галіновым саперніцтве. Канечне, камунальнікам на гэты раз спаймаць “залатую рыбку” не ўдалося, але з уласным уловам яны апынуліся  на трэцім месцы.  Усяго на спаборніцтвах выцягнулі амаль чатыры кілаграмы.

Усе ўдзельнікі зімняй рыбалкі атрымалі вялікае задавальненне ад дзеі і добра праведзенага часу. Пасля кантрольных узважанняў трафеяў  арганізатары пачаставалі ўдзельнікаў гарачай наварыстай юшкай. На разборы палётаў шмат жартавалі, не хаваючы станоўчых эмоцый. Таму і вярталіся рыбакі ў добрым настроі.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.