Раённы савет ветэранаў павіншаваў свайго актывіста Веру Акунец

Раённы савет ветэранаў урачыста павіншаваў свайго актывіста Веру Акунец з юбілеем. У гонар знамянальнай даты ў раённай бібліятэцы зладзілі цудоўнае свята, якое сабрала шмат сяброў Веры Васільеўны.

На шчырыя віншаванні і пажаданні госці не скупіліся. З цеплынёй і павагай гаварылі пра імянінніцу старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Адам Купрацэвіч, намеснік  кіраўніка райсавета дэпутатаў, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Макарэвіч, калегі-бібліятэкары, радня. Адным словам, людзі, якія жылі, працавалі, сябравалі з віноўніцай урачыстасці шмат часу.

За яе плячыма немалы жыццёвы шлях, пройдзены годна. Нарадзілася Вера Васільеўна ў вёсцы Ляхавічы, у шматдзетнай сям’і. Яна была чацвёртай па ліку. Тая атмасфера, што склалася ў іх дружнай і працавітай ячэйцы, надзвычай спрыяльна паўплывала на фарміраванне характару дзяўчынкі. З маленства яе заварожвала прыгажосць мясцовых краявідаў, нялёгкая, але велічная сялянская праца. А яшчэ мела вялікую прагу да ведаў, таму вельмі многа чытала. Вобразна кажучы, прыкіпела да кнігі душою.   Гэта і прывяло Веру Васільеўну ў аўдыторыі Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума. Пасля яго заканчэння вяртаецца на малую радзіму, дзе працаўладкоўваецца загадчыцай вясковай кніжнай скарбніцы. Сем гадоў яна даносіць да землякоў чароўныя сакрэты мастацкага слова, праз выставы і мерапрыемствы вучыць атрымліваць ад яго асалоду. Пасля адной з абласных праверак жыццё жанчыны зрабіла рэзкі паварот. Рэвізорам вельмі спадабалася, як наладжана справа ў Ляхавіцкай бібліятэцы, і яны парэкамендавалі кіраўніцтву аддзела культуры перавесці спецыяліста на больш высокую пасаду. Так яна стала гаспадыняй чытальнай залы ў раённай бібліятэцы. Зразумела, з пераводам на новую работу памяняла і месца жыхарства. З вялікім задавальненнем імянінніца ўспамінае той час, хаця давялося многаму вучыцца.  За інфармацыяй у чытальную залу прыходзілі амаль усе гараджане: некаму патрэбна было даклад падрыхтаваць, іншаму рэферат, завочнікі пісалі дыпломныя і курсавыя. Бывала, што за сталамі вольнага месца не ставала. Але Вера васільеўна так арганізоўвала работу, што кожны чытач атрымліваў неабходную яму літаратуру і перыёдыку. А яшчэ ў чытальні стараліся праводзіць шмат разнастайных па тэматыцы мерапрыемстваў. І Вера Васільеўна была найпершым іх арганізатарам. Гэтак жа сумленна шчыравала і начальнікам аддзела камплектацыі бібліятэкі.  Яна заўсёды вызначалася ветлівасцю і разважлівасцю, высокапрафесійнасцю. Напэўна таму, многія карыстальнікі і калегі назаўжды сталі сябрамі.

Бібліятэчнай сістэме раёна Вера Васільеўна прысвяціла амаль сорак гадоў жыцця. Канечне, з вялікім сумам пакідала працу і калектыў, калі выходзіла на заслужаны адпачынак. Але знайшла сабе заняткі па душы і на пенсіі: ўлілася ў актыў ветэранскага руху, сур’ёзна занялася агародніцтвам, больш часу пачала аддаваць вышыванню і вязанню, а таксама выхаванню ўнучак. Адна з іх, дарэчы, пайшла па бабулінаму шляху, набывае прафесію культработніка  ва ўніверсітэце. Радуе поспехамі і меншая дзяўчынка.

Па меркаванні Веры Акунец, усё ў жыцці ў яе атрымалася так, як хацелася, бо заўсёды побач былі людзі, якія аказвалі ўсебаковую падтрымку. І яна адплочвала ім такой жа шчырай удзячнасцю.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.