Суму няма месца ў яе жыцці

Калі зайшла размова пра актыўнае даўгалецце, старшыня Азяранскага сельвыканкама Міхаіл Аліфіравец без прамаруджвання назваў прозвішча ветэрана педагагічнай працы Раісы Пашэвіч. Разам з кіраўніком мясцовай улады мы завіталі да былой настаўніцы нямецкай мовы, каб даведацца пра сакрэт яе душэўнай маладосці.

Ландшафт сціплага вясковага двара ў аграгарадку адразу выдае неабыякавага да расліннасці чалавека. На яго тэрыторыі вальготна зелянеюць модныя хвойнікі ды іншыя насаджэнні, тады ўхутаныя снежнай коўдрай. Пакуль шлі да веснічак, падумалася, што ўлетку тут сапраўдны рай.

— Пенсія — самы шчаслівы час у жыцці, — з усмешкай прывітала нас гаспадыня. — Канечне, пры адсутнасці вялікіх праблем са здароўем. Мне няма калі сумаваць, кожную хвіліну пры справе. Лічу, што актыўнасць у спалучэнні з аптымізм падаўжае гады.

Раіса Сцяпанаўна прыйшла да высновы, што замест таго, каб з хваляваннем зазіраць у будучыню, лепш насалоджвацца сёняшнім днём. Яе суткі распісаны дакладна, а дзверы хаты, дзе шмат гадоў жывуць з мужам Адамам Іванавічам, былым калгасным інжынерам, заўжды гасцінна адчынены для сяброў ды родных. Па інтэр’еру бачна, што тут захапляюцца чытаннем (кніг на паліцах пакоя хопіць на вясковую бібліятэку) і кветкаводствам (усе сталы застаўлены вазонамі, сярод якіх пераважаюць пышныя герані). Апошняе хобі, зразумела, належыць Раісе Сцяпанаўне, якая з няменьшым энтузіязмам упрыгожвае і клумбы. Хутка сваім цвіценнем парадуюць любімыя першацветы — крокусы, мускары ды цюльпаны з нарцысамі. А потым настане агародна-лясная пара, а сужэнец дачакаецца прыдатнага для рыбалкі часу.

Акрамя будзёных спраў, ёсць у раскладзе жанчыны адзін не зусім традыцыйны занятак. Сем гадоў таму яна пазнаёмілася са скандынаўскай хадзьбою.

— Вельмі карысная звычка, — маці трох дзяцей і бабуля сямі ўнукаў расказвае, што даведалася пра яе, калі падлечвала ў санаторыі артроз каленных суставаў. — Здаецца, і нагрузка невялікая, а ўсе групы мышц працуюць. Мая трэніроўка — пяць кіламетраў штодня — бадзёрыць і аздараўляе выдатна.

На пачатку з яе зарадкі многія жартавалі, пытаючыся, дзе згубіла лыжы. Затое цяпер вітаюць, а некаторыя і прыклад бяруць. Да лячэбнай прагулкі Раіса Сцяпанаўна  заахвоціла яшчэ некалькіх аднавясковак — разам весялей. Першыя палкі, яшчэ самаробныя, ёй падараваў брат, а, так бы мовіць, прафесійныя набыла дачка, якая жыве ў Германіі.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.