У ААТ «Тураўшчына» вядзецца абрэзка садоў

У акцыянерным таварыстве «Тураўшчына» актыўна вя-дзецца абрэзка садоў. Штодня тут рупіцца больш як два дзясяткі чалавек.

Гэта працаўнікі не толькі з розных структур сельгаспрадпрыемства, але і людзі, нанятыя па дагаворах.

– Неабходны аграпрыём выконваем з восені, – расказвае адзін з іх Віктар Багай, – стараемся абразаць галіны якасна, бо добра разумеем – гэта станоўча паўплывае на будучы ўраджай.

У ліку плюсаў таксама і тое, што пазбаўленне дрэўцаў ад лішняга галля дае магчымасць правільна фарміраваць  крону, у пэўнай ступені абараняе  яблыні ад шкоднікаў і хвароб, а ў канчатковым выніку падаўжае іх жыццё.  У гаспадарцы, каб справа ішла арганізавана, прынялі вычарпальныя захады. Забяспечылі брыгады неабходнай колькасцю лесвіц. Дастаткова маецца і спецыяльнага інструменту. Імкнення ж шчыра выканаць абавязак людзям не займаць. Штодня фруктовыя дрэвы абразаюцца на больш як гектары плошчы. У садзе каля Чэрнічаў работа блізіцца да завяршэння. Далей высілкі будуць засяроджаны на плантацыі, якая знаходзіцца за Туравам.

Пад садамі ў акцыянерным таварыстве знаходзіцца дзвесце гектараў. Сельгаспрадпрыемству яны прыносяць нядрэнную аддачу. Напрыклад, з леташняга ўраджаю рэалізавалі пладоў на суму 113 тысяч рублёў пры станоўчай рэнтабельнасці каля дзесяці працэнтаў. У гаспадарцы маюцца добрыя ўмовы для іх захоўвання, ды і попыт на прадукцыю пастаянны. Апошнія яблыкі прадалі толькі нядаўна.

– Канечне, мінулы год для садаводства быў не самы спрыяльны, – заўважаюць рабочыя Рыгор Кашпей і Арцём Знагаван. – Спадзяемся, што цяпер усё складзецца намнога лепей.

Сяргей Белка

Фота Святланы Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.