Узнагароды ад прафсаюза

У камунальным сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” сярод жывёлаводаў, каму старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Радавец падчас акцыі  “Наш жывёлавод” уручыў падзячныя лісты і падарункі за леташнюю плённую дзейнасць, працаўнікі малочнатаварных комплексаў “Кольна” Алена Хільман і Мікалай Андык, “Пасека” Пятро Пяшэвіч і руднянскай МТФ Таццяна Гулюта.

Пра гэтых рупліўцаў грамадскай малочнай галіны ў структурных падраздзяленнях адзываюцца станоўча. Бо кожны работнік не толькі мае вялікі стаж за плячыма, але і ўносіць значны ўклад у агульныя здабыткі. Напрыклад, Алена Віктараўна. Яна даглядае цялушак, так бы мовіць, закладвае аснову прадуктыўнасці дойнага статка.

— Усё маё жыццё звязана з КСУПам, — расказвае жанчына. — Многа гадоў працавала ў паляводстве, потым перайшла на ферму, таму выдатна ўсведамляю: без самааддачы і любові ў нашай справе чаго-небудзь вартага дабіцца складана, больш таго замацавацца няпроста.

Сапраўды, з гэтым не паспрачаешся.  Зацемна ісці на ферму і вяртацца з яе таксама пад зоркамі — чаго патрабуе ад жывёлаводаў прафесія. Не кожнаму чалавеку па сілах вытрымаць такі распарадак ды яшчэ працяглы перыяд. А потым цэлы дзень завіхацца ля гадаванцаў.  Для Алены Хільман такі лад з’яўляецца звычайнай будзёнай справай. Яна даглядае 116 цялушак.  Клопаты прыносяць і адпаведны плён. Кожная жывёліна за суткі прыбаўляе ў вазе па шасцьсот грамаў. Для параўнання: па гаспадарцы ў сярэднім  паказчык складае 380.

Не меней адказныя абавязкі і ў Мікалая Андыка. Ён забяспечвае на комплексе захаванасць маёмасці ў начны час. Але гэта толькі вяршыня айсбергу яго дзейнасці, бо прыходзіцца  вырашаць і іншыя вытворчыя задачы. Не аднойчы яму даводзілася прымаць расцёлы, а потым упарадкоўваць цялятка: паіць першай порцыяй малодзіва, абсушваць,  памяшчаць у клетку-домік. Своечасовае  правядзенне такіх тэхналагічных аперацый станоўча адбіваецца на захаванасці маладнячку, яго здароўі.

Пра тое, як шчыруе Пятро Пяшэвіч, ёмка выказаўся яго непасрэдны начальнік Міхаіл Кісялёў, спецыяліст з даволі вялікім досведам:

— На нашым комплексе “Пасека” ён не толькі лепшы даглядчык, але і пастух. Што не даручы яму, выканае бездакорна. На такіх кадрах і трымаецца цяпер галіна.

Яе ж развіццё ў гаспадарцы не стаіць на месцы. Уведзены ў эксплуатацыю новы комплекс. На старым зроблена рэканструкцыя, што дазваляе мясцовым жывёлаводам шчыраваць на сучасным узроўні. Акрамя прыстойных умоў працы, забяспечаны на аб’ектах і прымальны быт: ёсць душавыя, пакоі для адпачынку. Адрэгуляваны і графікі работы. Даяркі і цялятніцы штодзень маюць выхадныя. Пакрыху падцягваюцца і вытворчыя здабыткі. Галоўнае, у сельгаспрадпрыемстве ведаюць, да чаго імкнуцца. Мэта адна: мець больш малака і мяса. Кадравы патэнцыял жывёлагадоўлі КСУПа здольны яе ажыццявіць.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.