Звязаць лёс з вёскай

Зараз у профільных аграрных ВНУ  навучаецца пяцьдзясят восем ураджэнцаў  нашага раёна, яшчэ 38 — у сярэдня-спецыяльных установах. Відавочна, што ў хуткім часе гэты інтэлектуальны патэнцыял будзе запатрабаваны сельскагаспадарчай вытворчасцю.  Аб кадравай палітыцы ў  згаданай сферы, прафарыентацыйнай дзейнасці гутарым з галоўным спецыялістам райсельгасхарчу Надзеяй Рамановіч.

— Надзея Сцяпанаўна, ці дастаткова ў нас тэхнолагаў палёў і фермаў, спецыялістаў на іншых участках галіны?

— Нам патрабуецца 302 такіх работнікаў. На цяперашні час у гаспадарках працуе 279 галоўных і спецыялістаў сярэдняга звяна.  Як сведчыць статыстыка, зараз маецца 23 вакансіі. У сваёй большасці  недахоп кадраў адчуваецца ў жывёлагадоўлі.

— Наколькі высокі адукацыйны ўзровень кадраў?

— У сельгаспрадпрыемствах на кіруючых пасадах з дыпломамі вышэйшых навучальных устаноў занятыя 113 чалавек. Яшчэ 142 закончылі аграрныя каледжы, і толькі 20 маюць прафесійна-тэхнічную адукацыю. Імпануе той факт, што арганізатары аграрнай вытворчасці пастаянна дбаюць аб павышэнні ўласнай кваліфікацыі. Трыццаць тры з іх навучаюцца ў профільных ВНУ завочна.

— Улічваючы, што моладзь не  вельмі імкнецца звязаць лёс з вёскай, у асноўнай масе, напэўна, гэта людзі з даволі салідным стажам работы.

— Я б так не казала. Спецыялістаў ва ўзросце 55 і болей гадоў у раёне налічваецца толькі дваццаць. Гэта трынаццаць жанчын і сем мужчын. Што тычыцца моладзі, то ў гаспадарках да 31 года шчыруюць 72 чалавекі. Сёлета чакаем яшчэ дзесяць юнакоў і дзяўчат.Большасць жа людзі сталыя, якія знайшлі сябе ў прафесіі.

— Аб чым гэта сведчыць?

— Мяркую, што хутчэй за ўсё гэта свядомы выбар людзьмі ўласнай жыццёвай дарогі, у якіх бацькі з маленства прывівалі любоў да вёскі, працы на зямлі. І яны трывала пасля заканчэння ВНУ  і ССУ замацаваліся на ёй. І цяпер плённа працуюць на фермах і палетках.  Сённяшняе пакаленне такую адданасць малой радзіме праяўляе надзвычай рэдка.

— Але ж у аграрныя навучальныя ўстановы паступаюць і ў родныя мясціны вяртаюцца на працу…

— Сапраўды, гэта так. Нават мэтавыя накіраванні бяруць. Такіх спецыялістаў толькі летась прыйшло шэсць. І ўсе яны родам з Жыткаўшчыны. Зараз упраўленнем сельскай гаспадаркі прымаюцца захады, каб аграрныя спецыяльнасці асвойвала больш выпускнікоў школ раёна. Гэта прыносіць добры вынік. Напрыклад, з 25 маладых спецыялістаў, якія атрымалі першае месца працы ў нашым рэгіёне, 16 — землякі.  Апошнія лепей замацоўваюцца ў гаспадарках. Так, з дзевяці выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, што прыйшлі ў наш раён у 2018 годзе, пяць стала абаснаваліся на давераных ім участках работы.

— Вы закранулі тэму мэтавага навучання. У чым яго сутнасць і перавагі?

— Выпускнікі школ, якія ўзялі ў нас накіраванне, маюць істотныя льготы пры паступленні на бюджэтныя месцы. Да таго ж гаспадаркі даплачваюць ім стыпендыі. Гарантавана такім юнакам і дзяўчатам і першае месца працы.

— Прафарыентацыя з’яўляецца адной з важнейшых умоў, каб вёска не адчувала кадравага голаду. Як пастаўлена гэтая работа ў раёне?

— У нас у Азяранскай школе адкрыты два аграрныя класы. Некалькі іх выпускнікоў, дарэчы, па мэтавых накіраваннях, сталі студэнтамі сельскагаспадарчых ВНУ. На пастаяннай аснове ладзяцца сустрэчы вучняў з выкладчыкамі профільных устаноў. Канкрэтныя прыклады дзейнасці спецыялістаў нашай галіны рэгулярна асвятляе раённая газета “Новае Палессе”. Даносіцца інфармацыя і райсельгасхарчам. Прычым не толькі па паступленню, але і  льготах, якія гарантуюцца нашай дзяржавай, для тых, хто звязаў лёс з вёскай. Іх нямала. Найперш, усе спецыялісты забяспечваюцца службовым жыллём. Жадаючым  мець свой дом прадастаўляюцца зямельныя надзелы і крэдыты пад невысокі працэнт для будаўніцтва. Нямала дадатковых стымулаў замацавана і ў калектыўных дагаворах гаспадарак. У тых арганізацыях, якія працуюць вынікова, атрымліваюць і годныя заробкі. І апошняе ў значнай ступені залежыць менавіта ад тэхнолагаў палёў і фермаў.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.