Супрацоўніцтва на аснове дыялогу

Верасніцкі сельскі Савет — адна з адміністрацыйных тэрыторый раёна, дзе нядаўна прызначылі новага кіраўніка.  Гэтыя абавязкі  амаль два месяцы выконвае Дзяніс Гаўрылаў. Яго ацэнку цяперашніх спраў у сельсавеце, планах аб далейшым паляпшэнні жыццядзейнасці людзей, напрамках работы сельвыканкама і прапануем чытачам у гэтым інтэрв’ю.

— Дзяніс Вячаслававіч, ужо азнаёміліся з гаспадаркай, на якой давядзецца працаваць?

— У цэлым так. Маё прызначэнне выпала на справаздачную кампанію ўстаноў культуры, таму скарыстаўся такой магчымасцю і выступіў на сходах перад насельніцтвам, выслухаў людскія праблемы. На жаль, мерапрыемствы расчаравалі нізкай колькасцю наведвальнікаў, але і гэта не перашкодзіла зрабіць выснову, што ў працы ёсць на каго абаперціся. У першую чаргу, гэта спецыялісты сельвыканкама, дэпутаты, давераныя асобы. Ёсць узаемапаразуменне і з кіраўнікамі ўстаноў і прадпрыемстваў. Усе яны  з актыўнай грамадскай пазіцыяй, даўно тут пражываюць і дакладна ведаюць, на чым канцэнтраваць высілкі, каб палепшыць жыццё людзей.

— Наладзіць трывалы кантакт з жыхарамі — няпростая, але для кіраўніка Савета даволі важная справа, бо дазволіць сумесна і паспяхова вырашаць самыя складаныя задачы.

— Поўнасцю з гэтым згодзен. Таму стасункі з насельніцтвам буду толькі ўмацоўваць і пашыраць праз асабістыя прыёмы грамадзян, вясковыя сходы. Створана група ў вайберы. У ёй дзве сотні чалавек. У нашу інтэрнэт-супольнасць  свае пытанні і прапановы зможа даслаць кожны жыхар Савета. Ды і дзейнасць назіральных камісій аказвае ў  наладжванні дыялогу істотную дапамогу. У населеных пунктах сельсавета пражывае паўтысячы грамадзян, якім патрабуецца павышаная ўвага з боку мясцовай улады і спецыялістаў розных службаў. Менавіта наведванне іх домаўладанняў дазваляе больш дэталёва ўнікаць у існуючыя праблемы, правільна і аператыўна аказаць дапамогу.

— Зыходзячы са сказанага, напэўна, вызначылі галоўныя напрамкі работы на перспектыву?

— Безумоўна. Прыярытэтам ва ўсіх пачынаннях будзе добраўпарадкаванне. Я не сказаў бы, што ў вёсках Савета з гэтым справы абстаяць дрэнна. Маецца нямала ўзорных сядзіб. Ды і жадання ў гаспадароў зрабіць уласны быт больш прыгожым таксама ёсць. На маю думку, тут няма глянцу, адметнасці. У сваёй большасці нашыя паселішчы знаходзяцца на ажыўленай аўтадарозе, і хочацца, каб людзі адразу заўважалі яркасць аздаблення. Таму ў планах найперш адрамантаваць і паправіць агароджы на вуліцах. Часткова для гэтага ўжо закупілі матэрыялы. Маем намер узвесці і дзіцячую пляцоўку ў аграгарадку Верасніца. Установім і малыя архітэктурныя формы. Папрацаваць прыйдзецца і на помніках. Нядаўняя патрыятычная акцыя ў Поўчыне паказала, што абеліскам патрабуецца абнаўленне. Ды і на грамадзянскіх могілках яшчэ не ўсё выканана належна. Канечне, сельвыканкаму з такімі задачамі аднаму справіцца не па сілах, таму да работы прыцягнем і насельніцтва. Зараз актыўна прапагандуем, каб вяскоўцы здавалі грошы па самаабкладанні. Гэтыя фінансы і будуць накіраваны ў акрэсленае рэчышча нашай дзейнасці.

На прыканцы размовы хочацца засяродзіць увагу на наступным. Верасніцкі сельскі Савет — прыгожы і ўнікальны край, з урадлівымі землямі і непаўторнымі краявідамі. Жаданне пасяліцца ў такой цудоўнай мясціне вясковая ўлада толькі вітае. Больш таго, сельвыканкам мае магчымасць прадаставіць  надзел для будаўніцтва жылля, а таксама вядзення ўласнай гаспадаркі.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.