12 сукенак з гісторыяй

Тое, што адзенне для беларусаў заўсёды мела асаблівае значэнне, без слоў прэзентуе каларыт, Наталля Цярэшчанка не сумнявалася ніколі. Бо нацыянальная самаідэнтыфікацыя, упэўнена наша зямлячка, пачынаецца з трох іпастасяў: гісторыі народа, яго мовы і самабытнасці. Усё гэта, безумоўна, адбівалася і на знешнім абліччы.

Ідэя ўзнавіць сукенку, характэрную для розных перыядаў свайго такога рознапярэстага і нават палярнага дзесьці Палесся, не спантанная. Яна нарадзілася, магчыма, яшчэ ў дзяцінстве пад мерны «шэпт» бабуліных кроснаў  або акуратнае шамаценне па вышыўцы іголкі. Кацярына Рамановіч у Юркевічах славілася першай мастачкай. Доўгімі зімовымі вечарамі яе рукі без стомы тварылі шэдэўры для мясцовых модніц і ўпрыгожвалі сціплы вясковы побыт. Усе мы родам з дзяцінства і чым старэй становімся, усё мацней кліч крыві. Тым больш майстэрства сваё Кацярына Пятроўна  здолела перадаць і дочкам. Яны ўласна на гэтай урадлівай глебе вынайшлі і свой почырк, і асабісты стыль. Напрыклад, цётка Наталлі Праскоўя Рамановіч валодала ўнікальным майстэрствам тонкай вышыўкі. А да мамы – Васіліны Сяргеевай выстройваліся чэргі за тканінай і іншымі шэдэўрамі «сельскага буціка». А як яны спявалі! У Юркевічах іх называлі беларускімі сёстрамі Фёдаравымі (савецкі жаночы вакальны прафесійны ансамбль выканаўцаў рускіх народных песень – аўт.) за сугучча і талент. А калі ў гэты калейдаскоп творчасці і спляценне каранёў дадаць непаўторнасць палескай прыроды, то стане абсалютна зразумелай цікавасць самой Наталлі Цярэшчанкі да гісторыі.

Гэтым разам яна ў гарадскім Цэнтры культуры ў Жыткавічах прэзентавала выставу, прысвечаную Году адзінства, з інтрыгуючай назвай «Таямніцы мінулага». Прыадчыніць дзверцы гардэроба модніц дзён даўно мінулых ёй паспрыяла не толькі ўласнае майстэрства, але даследаванні эпохі Тураўскага княства, куды дапамагла ёй акунуцца настаўнік гісторыі Таццяна Клімовіч. Адзенне дрыгавічанкі, шляхетнай гараджанкі 10-11 стагоддзяў уражвае ашаламляльнай адарванасцю  ад звыклых нам спадніц, вышыванак і вянкоў.

– Лад складаецца з трох сукенак, – удакладняе дэталі ўбору Наталля Цярэшчанка, – спачатку апраналася сподняе. Яно абавязкова дапаўнялася вышыўкай у візантыйскім стылі так адрозным ад звыклага беларускага пазней. А па-над ішла ўжо ваўняная.

Да вобразу манекена для поўнай аўтэнтычнасці і завяршэння дадаюцца аксэсуары. Невялікая касметычка, хутчэй нагадвае кашалёк, у якой насілі драўляную расчоску, мацавалася збоку. Туды ж на ўсялякі выпадак маглі пакласці тонкую з касцяным футаралам іголку. І ўжо ніяк нельга было тады абыходзіцца без майстэрскага нажа: грыб падрэзаць, галінку збіць… Прайграць паказаны шэдэўр аказалася не проста. Бо варта было ідэнтыфікаваць спецыяльны крой, уставіўшы па баках тканкавыя кліны. І, мабыць, гэты касцюм стаў найбольш затратным па часе, на яго выраб прыйшлося выдаткаваць восем месяцаў. Да гэтага вывучыўшы Тураўскую манаграфію прафесара Пятра Лысенкі, працы Леаніда Тобаля.

На гэты раз Наталля Цярэшчанка прадставіла жыткавіцкай публіцы 12 мадэляў. І, натуральна, праз вопратку, што насілі ў Сямурадцах або Старажоўцах нашы продкі, можна прасачыць іх цнатлівасць, павагу да старэйшых жанчын. Так, майстрыха прадставіла сукенкі, што апраналі дзяўчыны да замужжа і ўжо ніякім чынам не маглі іх надзець, стаўшы жонкамі. Але не толькі статус, а ўзрост адыгрываў вырашальную ролю ў выбары адзення. Шматдзетную маці таксама можна было адрозніць па вопратцы ад той, што нарадзіла адно дзіця. Асабліва аптымістычным выглядае строй дзяўчынкі. Дарэчы, вялікую ўвагу жыхаркі Тураўшчыны надавалі і галаўному ўбору, стрыманасці ў прычосках.

Увогуле, пры магчымасці лепш раз убачыць, каб зразумець гісторыю. Бо, акрамя ўбранняў, у рукадзельніцы ёсць чаму павучыцца. Ручнікі, абрусы – справа зразумелая. Але якія паясы і вышыванкі выходзяць з-пад творчых ідэй і майстравітых рук… А на пытанне, навошта столькі часу, сіл і захопленасці траціць на мінулае, Наталля Цярэшчанка толькі ўсміхаецца:

– Чалавекам стаць вельмі складана… Вось я і вучуся ім быць.

Валянціна ПАКАРЧАК

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.