Аб музычных здольнасцях Яны Рагалевіч загаварылі яшчэ ў дзіцячым садзе

Аб музычных здольнасцях Яны Рагалевіч загаварылі яшчэ ў дзіцячым садзе. «Вы ведаеце, як хораша спявае ваша дачка», казалі маці выхавальнікі. З таго часу дзяўчына неразлучная з музыкай і на гэтай ніве дабілася многага.

Апошняе дасягненне Яны – дыплом лаўрэата другой ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай творчасці «Палітра зорак». І хаця змаганне праходзіла ў відэафармаце, журы годна ацаніла выступленне жыткаўчанкі ў намінацыі “Вакальная музыка (сола) з фанаграмай, эстрадны вакал”. Дапамог дабіцца перамогі дзяўчыне яе настаўнік Вячаслаў Яўлаш, які не адзін год узначальвае эстрадную студыю гарадскога Цэнтра культуры.

– Яна вельмі таленавітая, – характарызуе сваю выхаванку Вячаслаў Сцяпанавіч. – Гэта яе не першы поспех і, упэўнены, не апошні, бо маем намер выступіць яшчэ ў некалькіх конкурсах. На кожным занятку яна імкнецца адточваць  уласнае майстэрства і артыстызм да найвышэйшага ўзроўню, у кожную кампазіцыю ўкладвае ўсю душу. Таму нумары атрымліваюцца надзвычай яркімі і эмацыянальнымі.

Занятасць у дзяўчыны вельмі вялікая. Зараз яна заканчвае школу, сур’ёзна рыхтуецца да экзаменаў і паступлення ў ВНУ. Але нягледзячы на гэта, кіпучай энергіі хапае і на грамадскае жыццё. Яна паспяхова дэбютавала ў абласным конкурсе «Лідар года», пастаянна выступае на розных канцэртах, якія ладзяць калектывы ГЦК. Знаходзіць час і для ўдасканалення навыкаў ігры на піяніна. Дарэчы, цяга да інструмента таксама з дзіцячага садзіка. Вобразна кажучы, любоў да яго ўзнікла з першага погляду. Старанна асвойвала сакрэты музыцыравання ў дзіцячай школе мастацтваў.

Яна Рагалевіч – тыповы прадстаўнік сучаснай грамадска-актыўнай моладзі. Дзяўчына дакладна ведае, чаго хоча дабіцца ў жыцці. Разам з тым, як гаворыць сама, з песняй і музыкай застануся неразлучнай назаўсёды.

Сяргей МІКАЛАЕЎ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.