Для людзей і горада

Дзмітрый Апановіч, дырэктар краязнаўчага музея, адзін з самых маладых дэпутатаў гарсавета, але ініцыятывы і працаздольнасці яму не займаць. Паводле слоў старшыні, ён заўжды ў гушчыні жыцця.

– Калі людзі вылучылі, значыць давер трэба апраўдваць, — так вызначае сутнасць сваёй грамадскай работы абраннік па Камсамольскай акрузе і пераходзіць да характарыстыкі выбаршчыкаў. – Як і паўсюдна, яны розныя, большая частка прыслухоўваецца да патрабаванняў па той жа санітарыі, іншых трэба прымушаць да парадку. На жаль, у самаарганізацыі насельніцтва яшчэ шмат інэртнасці. Для мяне гэта не зразумела. На Століншчыне, адкуль родам, калі трэба скінуцца, напрыклад, каб спілаваць аварыйныя дрэвы, ніхто не адмовіць, аргументуючы, маўляў, я на той вуліцы не жыву…

Дзмітрый Эдуардавіч прыехаў у Тураў амаль пяць гадоў таму. Выпускнік гістарычнага факультэта на пасадзе дырэктара музея ўдыхнуў у яго, што называецца, новае жыццё, шмат сіл аддаючы мадэрнізацыі залаў, папаўненню калекцыі і прыцягненню наведвальнікаў. Дарэчы, сёлетняя колькасць экскурсантаў ужо дасягнула дапандэмійных лічбаў, набліжаючыся да пяці тысяч. Прыемна чуць ад гасцей кампліменты наконт дагледжанасці і ўтульнасці горада, добрай яго інфраструктуры. І падтрымліваць такі станоўчы імідж важна ўсім – ад розных службаў да радавых жыхароў.

У падначаленні Дзмітрыя Апановіча 15 супрацоўнікаў. Малады чалавек не цураецца ніякай працы. Трэба – і малаток у рукі бярэ падчас рамонту ўстановы, і ролі выконвае на шматлікіх святах. На пад’ём ён лёгкі. Дэпутат упэўнены, што перш чым нешта патрабаваць, варта запытаць: што я зрабіў дзеля паляпшэння жыцця – свайго, людзей, што побач, і горада ў цэлым.

Святлана Шакалян

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.