Людміла Зямлянік у грамадскім жыцці першая

Тураўская ветэранская пярвічка з’яўляецца адным з самых масавых грамадскіх аб’яднанняў на тэрыторыі гарсавета. З канца мінулага года яе ўзначаліла  людміла зямлянік. Чалавек яна актыўны і настойлівы. Станоўчых вынікаў дзейнасці чакаць доўга не прыйшлося.

Людміла Савельеўна стараецца ладзіць працу ў цесным кантакце з кіраўніцтвам мясцовага гарвыканкама. Таму добра ўсведамляе, якія цяпер задачы на першым плане  ва ўлады.  Лідар імкнецца быць ва ўсім надзейным памочнікам. З гэтай мэтай яна па ўласнай ініцыятыве абышла ўсе тураўскія арганізацыі, звярнулася да жыхароў паселішча, каб сабраць грошы і наняць альпіністаў для спілавання аварыйных дрэваў на могілках.

— Не сказаць, што актыўна адгукнуліся на нашу прапанову, але пэўную суму ўдалося наскрэбчы, — расказвае пра  акцыю Людміла Савельеўна. — Вельмі ўдзячна кіраўніцтву і работнікам ТМК, вытворчага ўчастка РЭСа, музея, некаторым індывідуальным прадпрымальнікам. Зразумела, хацелася, каб і іншыя калектывы ўнеслі пасільны ўклад.

Але і тых фінансаў, якія сабралі, хапіла, каб часткова зняць праблему з дрэвамі ў месцы пахавання. Таксама пажылыя людзі правялі там суботнік і навялі парадак. Па словах старшыні пярвічкі, гэта толькі пачатак.

У ліку другіх спраў, што ажыццяўляе  тураўскі ветэранскі актыў: клопат пра адзінокіх пажылых людзей. Іх пастаянна наведваюць, дапамагаюць.

— У нас заведзены спецыяльны сшытак, — гаворыць Людміла Зямлянік. — Кожны ветэран можа пакінуць у ім запіс пра найбольш хвалюючую праблему. Вось нядаўна  паступіў зварот пра дрэннае асвятленне на  вуліцы. Яго адразу пераадрасавала кіраўніку гарсавета Ігару Міцюрычу, каб вырашыць пытанне.

Вельмі засмучаецца Людміла Савельеўна, калі даводзіцца праводзіць у апошні шлях ветэранаў. Гэтае пачуццё ў яе яшчэ з маленства, бо нарадзілася ў сям’і ардэнаносца-франтавіка, які рана пайшоў з жыцця.

— На жаль, ужо ў Тураве не засталося ні аднаго ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, — з сумам канстатуе старшыня. — Пражывае яшчэ шэсць вязняў канцлагераў, якіх не пакідаем без увагі. Нядаўна, дзякуючы кіраўніцтву ТМК, сабралі і даставілі гэтым людзям падарункі.

У полі зроку кіраўніка арганізацыі і адпачынак пажылых людзей. Па святах яны імкнуцца сабрацца ва ўстановах культуры, на мерыпрыемствы, што для іх ладзяцца. Вось нядаўна Людміла савельеўна стала ініцыятарам экскурсіі ветэранаў-жывёлаводаў па малочнатаварных комплексах ААТ “Тураўшчына”, бо сама амаль сорак гадоў аддала працы на калгаснай ферме. Нават выйшаўшы на заслужаную пенсію, яшчэ пяць гадоў не пакідала пасады яе загадчыка. Жанчына даўно, так бы мовіць, стала сваім чалавекам у Тураве. Таму і прыкладвае  намаганні, каб тут жылося намнога лепей. Напрыклад, на беразе ракі ля ўласнай хаты высадзіла дубовую алею. Рабіць дабро для старажытнага паселішча яна натхняе сваёй кіпучай энергіяй другіх жыхароў. І ў яе гэта атрымліваецца.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.