Яны ў цяні, але на перадавой

На стале – мікраскоп, у руках – афарбаванае шкельца, а ў сэрцы – любоў да медыцыны.

Да гэтых прафесіяналаў не збіраюцца чэргі, ім персанальна не дзячаць пацыенты, але без іх працы немагчыма ўявіць сучаснае лячэнне. Знаёмцеся: клініка-дыягнастычная лабараторыя ЦРБ.

У структуру згаданага падраздзялення, якое аб’ядноўвае 27 спецыялістаў (у тым ліку пяць урачоў), уваходзіць тры жыткавіцкія лабараторыі (шырокапрофільная ў стацыянары, СІЗ для вызначэння пераважна інфекцыйных захворванняў і поліклінічная). Мінімум даследванняў таксама праводзіцца ў Тураўскай ГБ, участковых бальніцах і амбулаторыях раёна.

– Мы адна дружная каманда, – характэрызуе калег загадчык КДЛ Аксана Наумовіч, яна ўзначальвае калектыў пяць апошніх гадоў. – У працы прытрымліваемся правіла ўзаемазамяняльнасці, незважаючы на пасаду, заўжды прыходзім адзін другому на выручку. Сябруем і ў нефармальнай абстаноўцы. За кубкам чаю адбываецца своеасаблівая эмацыйная перазагрузка ды і так лепш спазнаеш чалавека.

Касцяк лабараторыі складаюць вопытныя таварышы. Так, у Людмілы Кошман, Святланы Швец, Ірыны Петрычэнка, Валянціны Забеліч – трыццацігадовы і больш стаж. Звыш двух дзясяткаў год робяць аналізы Таццяна Дземідзюк, Валянціна Казловіч, Наталля Купрацэвіч, Наталля Какора. У старшага фельчара КДЛ Ларысы Макарэвіч мінула 15 гадоў бездакорнай працы. Уліваюцца ў штат і навічкі, прынамсі, зараз шчыруюць у лабараторыях тры нядаўнія выпускніцы навучальных устаноў медыцынскага профілю.

Проста пастаяць за сталом сем з паловай гадзін – трэба мець фізічнае здароўе, а для спецыфічнай работы з рэагентамі і прафесійнай камунікацыі – веды, добразычлівасць і вытрымку. Лабарантаў можна назваць байцамі нябачнага фронту. Няхай крыху і ў цяні, яны з ўрачамі-клініцыстамі ідуць тандэмам, падзяляючы адказнасць за выратаванне чалавека. І тут кошт памылкі таксама найвышэйшы, за ёй можа быць чыёсці жыццё.

– За суткі, напрыклад, у стацыянары толькі агульнага аналізу крыві бярэцца 80-100 проб, – Аксана Генадз’еўна распавядае пра будні і даволі вялікую нагрузку. – А біяхімія наогул робіцца толькі тут, штодня праз аналізатар праходзіць да 180 прабірак. Зрэшты, гематалагічныя даследаванні складаюць сорак працэнтаў усяго аб’ёму. Робім мы таксама аналізы іншых субстанцый і “вадкасцяў” арганізма, аперацыйных матэрыялаў. Апошнім часам дабавіліся экспрэс-тэсты на каронавірус. Так, у першую хвалю былі дні, калі ўдваіх з загадчыкам поліклінічнай лабараторыі Янінай Ранчынскай апрацоўвалі іх да 120 штук.

Сёння лабараторыя не мае вялікіх праблем з рэактывамі і ўкамплектаванасцю, але загадчык выношвае планы пра новае абсталяванне, каб павышаць якасць дыягностыкі хвароб і іх лячэння. А кампетэнцыі супрацоўнікам гэтай службы не займаць.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.