Аналітыка і дакладны разлік

Падаючы дакументы ў профільны сталічны тэхнікум, Алена Раковіч толькі ў агульных рысах уяўляла, што робіць эканаміст. Але чым больш заняткаў заставалася ззаду, тым мацнейшай станавілася любоў да абранай прафесіі. Яе матэматычны склад розуму па-сапраўднаму радаваўся мноству лічбаў і формулам і потым у вну.

Алена Фёдараўна, начальнік планава-эканамічнага аддзела цэнтральнай раённай бальніцы, застаецца вернай раз і назаўсёды абранай спецыяльнасці 37 гадоў, 36 з якіх прайшлі на адным працоўным месцы. Эканаміст, вобразна кажучы, той жа прадказальнік. Толькі ў адрозненні ад чараўніка з картамі Таро, ён аперыруе дакладнымі разлікамі, грунтуючыся на неаспрэчных фактах.

— Калі бухгалтар больш займаецца падлікамі, — тлумачыць спецыфіку сваёй работы субяседніца, — то вотчына эканаміста — аналітыка і прагноз. Наша задача – спланіраваць дзейнасць так, каб бюджэту аптымальна хапіла для эффектыўнай дзейнасці ўстановы.

Уседлівасць, цярпенне, моцная памяць і уменне апрацоўваць вялікі аб’ём інфармацыі адрознівае добрага эканаміста. А яшчэ шырокая кампетэнцыя. Алена Фёдараўна жартуе, што за тры з паловай дзясяткі год у сістэмы аховы здароўя набыла такі досвед, што ўжо, напэўна, можа быць практыкуючым медыкам. Толькі адзіны прыклад: каб разлічыць заработную плату, трэба скласці штатны расклад. А ён не атрымаецца без ведання плануемых аб’ёмаў медыцынскай дапамогі, колькасці бальнічных ложкаў, працягласці лячэння пацыентаў і шмат чаго іншага. Трэба пастаянна ўнікаць ва ўсе нюансы і спецыфіку, трымаючы руку на пульсе заканадаўчых змен і часу.

У падначаленні Алены Фёдараўны тры спецыялісты, іх праца —калектыўная. У дачыненні да калег жанчына, марыўшая ў школьныя гады пра педагогіку, рэалізоўвае, апроч іншага, і своеасаблівую настаўніцкую функцыю, дзелячыся ўласным багажом ведаў.

— Прафесія эканаміста будзе запатрабаванай заўжды, — упэўнена жыткаўчан-ка, — толькі зараз яна становіцца шматфункцыянальнай, аб’ядноўваючы шэраг змежных дысцыплін.

Бліц. Любімае

  • правіла — сабе давярай, ды пераправярай;
  • у людзях — сумленнасць і адходлівасць, не трыманне крыўды і зла, бо сама такая;
  • лічба — пяцёрка. З гэтым балам скончыла васьмігодку і атрымала чырвоны дыплом. А сёлета справіла такі круглы юбілей;
  • захапленне — мастацкая літаратура і хатняе кветкаводства. У калекцыі — некалькі дзясяткаў фіялак;
  • свята — Новы год, звязаны са светлымі надзеямі. А яшчэ Дзень эканаміста і прафесійная дата медыцынскіх работнікаў.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.