Здаровая ўборка

У гэтыя дні раённыя арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа і прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу актыўна ўключыліся ў абласную акцыю “Бяспечны ўраджай”. З гэтай мэтай кіраўнікі грамадскіх структур наведаліся на палеткі КСУПа “Коленскае”.

На хлебнай ніве старшыні Ларыса Фралова, Уладзімір Радавец, а таксама інспектар па прапагандзе РАНС Фёдар Дудзіч сустрэліся з мясцовымі ўдзельнікамі жніва, каб яшчэ раз нагадаць, наколькі важна клапаціцца пра бяспечныя ўмовы на рабочых месцах. Мерапрыемства атрымалася даволі змястоўным. Асабліва пастараліся для гэтага Ларыса Фёдараўна і валанцёр Анастасія Матрук, студэнтка універсітэта культуры. Яны прадэманстравалі камбайнерам і вадзіцелям майстар-клас   па аказанні першай неадкладнай дапамогі пры ўзнікненні непрадбачаных сітуацый.  Аграрыі паставіліся да ўсяго прадэманстраванага надзвычай адказна, назіралі за дзеяннямі вельмі ўважліва, асабліва пасля расказу старэйшага хлебароба Мікалая Жука. Менавіта валоданне механізатарамі такімі навыкамі дазволіла выратаваць калегу.

— У той год вырас добры ўраджай, — распавядаў маладзейшым таварышам Мікалай Аркадзьевіч. – Таму ўсе стараліся намалаціць больш збажыны. Нават абедалі на хаду. У спешцы адзін з камбайнераў і пахлынуўся кавалкам мяса і імгненна страціў прытомнасць. Добра, ведалі, што і як рабіць і не разгубіліся.  Без прамаруджвання аказалі дапамогу і выратавалі жыццё  здароваму чалавеку.

Госці патлумачылі механізатарам і аб тым, як паводзіць сябе ў спякоту, раздалі інфармацыйныя брашуры па здароваму ладу жыцця рознай прафілактычнай накіраванасці, жадаючым памералі ціск, упэўніліся, наколькі грунтоўна забяспечана тэхніка супрацьпажарнымі сродкамі. Земляробы падчас дыялогу падзяліліся ўражаннямі аб сваіх клопатах і здабытках. На прыканцы сустрэчы  госці надзялілі  ўдзельнікаў уборкі пітной вадой, якую для іх набыла старшыня раённай агранізацыі Чырвоныга Крыжа Ларыса Фралова. Згаданая акцыя працягнецца да канца жніва, бо, як справядліва заўважана, працаўнік павінен прыйсці на работу здаровым і вярнуцца дадому ў такім жа стане.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.