Жыву ў Беларусі і тым ганаруся

Трэцяга ліпеня –  важная дата для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Мы адзначаем адразу два знакавыя дзяржаўныя святы: Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-ю гадавіну яе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чым варта ганарыцца суайчыннікамі?

Анатоль Ермаковіч, г. Жыткавічы:

— Найперш, тым, што наша краіна свабодная і незалежная. Хаця, як сведчыць гісторыя, гэтых святынь не раз хацелі пазбавіць мой народ розныя заваёўнікі, якія разбуралі нашыя паселішчы, забівалі людзей, нішчылі культурныя і духоўныя каштоўнасці. Але заўсёды такія сквапныя рабаўнікі атрымлівалі годны адпор ад беларусаў, якія пасля калацечы рабілі свой край яшчэ больш заможным і прыгожым. Яскравым прыкладам таму служыць і Вялікая Айчынная вайна, якая на Беларусі па сутнасці стала ўсенароднай, бо з фашызмам змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах мільёны суайчыннікаў.  Гэтак жа ў адзіным парыве жыхары аднаўлялі разбураную гаспадарку. Многае ў гэтым накірунку робіцца і цяпер. Маладзеюць нашы гарады і вёскі ад новых пабудоў, працуюць фабрыкі і заводы, радуе важкім коласам хлебная ніва. У нас усё ёсць для прыстойнага жыцця. І гэты дарунак не ўпаў з неба, а здабыты працалюбствам за гады незалежнасці. Канечне, мяне турбуе тое, што адбываецца зараз вакол нашай дзяржавы, якую нядобразычліўцы хочуць паставіць на калені. Але, упэўнены, у іх нічога не атрымаецца, бо адзінства беларусаў у чарговы раз пераадолее ўсе нягоды. Стойкасць, добразычлівасць, гасціннасць, працавітасць – гэта  рысы нашага характару. Чым не падстава для гонару за краіну і людзей, якія яе насяляюць?

Аляксандр Струк, агр. Бялёў:

— Укладам нашай краіны ў сусветную скарбонку найвялікшых дасягненняў у розных галінах жыццядзейнасці. Мае суайчыннікі вельмі таленавітыя і працалюбівыя. І таму прыкладаў безліч. Узяць хаця б наша сельгаспрадпрыемства, КСУП «Бялёў».  Наколькі самааддана механізатары гаспадаркі сёлета назапашвалі кармы для грамадскага статку. На вуліцы спякота пад сорак, а яны  з рання да позняга вечара не вылазяць з  раскаленых кабін комплексаў і трактараў. Менавіта такая беларуская цягавітасць вельмі імпануе.  Яна выступае падмуркам дабрабыту і ў пэўнай ступені мярылам міласэрнасці і дабрыні, адзінства. Вясковая талака адна з форм людской дапамогі тым, хто трапіў у бяду, або распачаў значную справу, і цяпер пашыраная ў сельскіх паселішчах. Разам брацца за працу, супрацьстаяць цяжкасцям – у нас у крыві. І такія рысы беларускага характару для мяне з’яўляюцца найбольшай каштоўнасцю. Таму вельмі абурае, што да такога народа ўводзяць нейкія санкцыі. Жыць з суседзямі ў дружбе і згодзе гэта па-нашаму, а войнаў нам не патрэбна. Мноства абеліскаў і мемарыялаў, якія ўстаноўлены на нашай зямлі, служаць напамінам пра жудасныя часы. І вельмі добра, што беларусы свята шануюць гэтую памяць. Таму і нядзіўна, што Дзень Незалежнасці адзначаецца менавіта ў дату вызвалення Мінска.

Леся Кузьміч, г. Жыткавічы:

— Мне адразу ўзгадваюцца радкі з песні: «Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…». Чаму? Беларусь для мяне стала другой Радзімай.  Я – ураджэнка Украіны, дзе пражыла да пятнаццаці гадоў, а тут пасля пераезду – ужо трыццаць. Можна сказаць, што гэтая зямля дала сілы для ўласнага станаўлення, тут выраслі мае дзеці. У душу адразу запалі мясцовыя краявіды – мноства рэчак, азёр і лясоў. І да гэтага часу захавалася тое першае пачуццё. Нездарма ж Беларусь называюць сінявокай, бо да прыроды кожны яе жыхар ставіцца паважліва.

За гады жыцця ў краіне шмат па ёй падарожнічала. Наведала многія знакавыя мясціны, азнаёмілася з іх славутасцямі і традыцыямі. І вельмі ганаруся, як беларусы зберагаюць свае духоўныя скарбы. Нясвіжскі і Мірскі замкі, Дудуткі і многае іншае. Ды што далёка хадзіць, дастаткова наведаць нашу вёску Пагост, дзе фальклор і гісторыя амаль у кожным двары.

Захапляе памяркоўнасць і разважлівасць тутэйшых жыхароў, грунтоўнасць, з якімі яны падступаюцца да кожнай справы.  Лічу, што менавіта дзякуючы ім у маёй краіне пануюць мір і спакойнае жыццё. І гэтым вельмі даражу. Як і тым, што жыву сярод добразычлівых працавітых людзей.

Юрый Волчык, агр. Людзяневічы:

— У нашай дзяржаве для кожнага грамадзяніна створаны ўсе ўмовы, каб ён з улікам сваіх здольнасцей, магчымасцей змог атрымаць прыстойную адукацыю, а пасля вучобы працаўладкавацца. Да таго ж выпускнікам  вышэйшых і сярэдня-спецыяльных навучальных устаноў гарантавана першае працоўнае месца. Сацыяльная арыентаванасць – гэта яшчэ адно дасягненне  праводзімай унутранай палітыкі. Уведзеныя стандарты дазваляюць  беларусам атрымліваць  на належным узроўні паслугі ў розных сферах жыццядзейнасці. А ў якой краіне будуецца столькі жылля для шматдзетных сем’яў, якім аказваецца і іншая падтрымка? Не застаюцца без увагі і пажылыя, асабліва тыя, якія баранілі Радзіму ў гады ваеннага ліхалецця. І вельмі ганаруся, што пералічаныя выгоды застаюцца прыярытэтам нашага развіцця, нават нягледзячы на навалу,  якую арганізавалі на Беларусь заходнія «партнёры».

Беларусь – гэта краіна не толькі для рэалізацыі творчых і прафесійных здольнасцей, але яшчэ і цудоўны край для адпачынку. Скажу так, для апошняга ў нас толькі мора не хапае: цудоўная прырода, рэкі і азёры, аграсядзібы і санаторыі. Толькі выбірай. І няварта шукаць шчасця  на чужыне. Яно  побач, у роднай старонцы, на яе палях і нівах, гаях і барах, прыгожых і шумлівых гарадах.

Сяргей БЕЛКА

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.