Зялёнае жніво ў “Чырвоным Бары”

На сенажацях гаспадаркі ва ўсіх сэнсах горача

Першым укосам тут назапашана 11,75 ц. к. адз., пры сярэднераённым паказчыку – 8,01. Нарыхтоўка спажыўнага корму для жывёлы працягваецца. Гэтымі днямі аграрыі шчыруюць на дзясятай сістэме, дзе частку плошчаў перазалужылі пад сенакосы, а другую засеялі люцэрнай, якая ідзе на стол каровам прама з-пад касілкі.

— Адпачываць зімой будзем, — не наракаючы на сялянскую працу, што ў сезон доўжыцца без выхадных, кажа механізатар уборачнага комплекса Дзмітрый Макарэвіч. — Сёлета павінны назапасіць фуражу больш, чым мінулым летам, шматгадовыя травы добрыя выраслі.

На адвозцы зялёнкі задзейнічаны два трактары і МАЗ. Іх кіроўцы — Мікалай Халадовіч, Яўген Купрацэвіч і Леанід Акунец — сваю справу ведаюць, імкнуцца эфектыўна скарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну. Меліяраваныя землі сельгаспрадпрыемства нізкія, і прайшоўшыя дажджы пераўвільготнілі некаторыя ўчасткі.

— Сена пакуль малавата, 12 працэнтаў, — выконваючая абавязкі кіраўніка КСУП “Чырвоны Бор” Юлія Купрацэвіч падводзіць папярэднія вынікі корманарыхтоўкі. — Зараз дасушваецца скошанае да ліўня. Завяршаем закладку пятай ямы сенажу, у планах –  яшчэ тры.

Як паведамілі ў райсельгасхарчы, першым укосам гаспадаркі нарыхтавалі да неабходнага 13 працэнтаў сена і 93 — сенажу. Скошана ўжо чатыры працэнты плошчы атавы.

Святлана ШАКАЛЯН

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.