Ад вучня муляра да брыгадзіра

Ад вучня муляра да брыгадзіра – такі працоўны шлях прайшоў у калектыве

Жыткавіцкая ПМК-97 Анатоль Шостак.

У будаўнікі Анатоль Яўгенавіч падаўся адразу пасля службы ў арміі. З таго часу прайшло дваццаць пяць гадоў.

– Спецыяльнай адукацыі я не меў, – успамінае пра першыя крокі ў прафесію спецыяліст, але было вялікае жаданне дасканала асвоіць абраную спецыяльнасць. Таму запамінаў кожную параду старэйшых  калег, якія не хавалі ад мяне сакрэтаў майстэрства. Канечне, шчыраваць на ўзвядзенні муроў няпростая справа, але галоўнае ставіцца да яе з душою. Тады ніякія цяжкасці і перашкоды страшнымі не будуць.

І шматгадовая дзейнасць Шостака з’яўляецца таму яскравым пацверджаннем. Нездарма ў народзе кажуць: вочы баяцца, а рукі робяць. З кожным новым аб’ектам  Анатоль Яўгенавіч удасканальваў уласныя навыкі. Цяпер ён мае пяты кваліфікацыйны разрад, што сведчыць аб яго стараннасці і ўвішнасці, а таксама адданасці будаўнічай прафесіі. Больш таго, за азначаны перыяд  ён не толькі дасягнуў  вышынь майстэрства ў справе муляра. Цэглу і блокі  кладзе настолькі роўна, што сцены атрымліваюцца на заглядзенне. Акрамя таго Шостак асвоіў яшчэ некалькі рабочых спецыяльнасцей. І зрабіў гэта непасрэдна на вытворчасці. Таму цяпер атынкаваць сцены, пакласці кафлю, паставіць грубку ці печ для яго складанасцей не выклікае. Зразумела, такая шматпрофільнасць спрыяе толькі росту прафесіяналізму муляра.

Зараз Анатоль Яўгенавіч разам з калегамі шчыруюць над узвядзеннем чарговага жылога шматпавярховіка ў райцэнтры. У любое надвор’е тут кіпіць работа, таму дом расце на вачах.  А гэта значыць адно, што праз пэўны час яшчэ сорак сямей будуць радавацца шчасцю, што нарэшце займелі ўласны куток, дзе паселяцца каханне і дабрабыт і народзяцца новыя маленькія жыткаўчане, а з імі і мары на будучыню. Справядліва заўважана, што будаўніцтва спрыяе росквіту жыцця. І да такой высакароднай справы Анатоль Шостак мае прамое дачыненне, бо што можа быць важней для чалавека, як рабіць дабро іншым.

Сяргей Белка

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.