Дэпутацкі стаж у Дзякавіцкім Савеце ў Людмілы Будчанін вымяраецца пятым созывам

Дэпутацкі стаж у  Дзяка-віцкім Савеце ў Людмілы Будчанін вымяраецца пятым созывам. За такі значны перыяд на грамадскай рабоце жанчына прынесла нямала карысці аднавяскоўцам.

Тое, што жыхары Вятчын столькі часу аказваюць ёй давер, выпадковым не назавеш. Мясцовая ўражэнка, пастаянна ў гушчыні жыцця, рашучая, сумленная, чулая і добрая – вось за гэтыя якасці і аказваюць падтрымку Людміле Мікалаеўне на выбарах. І яна стараецца не падводзіць. Кожную праблему землякоў неадкладна даносіць  у сельвыканкам, дабіваецца, каб пытанне вырашылася.

— Што цяпер турбуе людзей… — разважае дыпутат. — Найперш, каб дарогі рамантаваліся, каб асвятленне было на вуліцах. Адным словам, каб парадак быў. Пажылым людзям, а іх цяпер большасць  у паселішчы, многага не патрэбна.

Зразумела, як народны абраннік жанчына з’яўляецца актыўным правадніком палітыкі сельвыканкама. Кантралюе своечасовыя зборы па самаабкладанні, ахвяраванні на грамадска-карысныя справы, парадак на ўласных падворках і іншае.

— Канечне, усякае бывае, — гаворыць Людміла Мікалаеўна. — Напрыклад, няма ў чалавека грошай, каб аплаціць падатак, даю ў доўг уласныя, каб гаспадар разлічыўся і не падводзіў грамаду. За гэтыя фінансы потым і парадак на могілках наводзім, другую работу дзеля агульнага дабрабыту выконваем. Калі еду ў райцэнтр, абавязкова пацікаўлюся ў бабуль і дзядуль, ці не патрэбна ім купіць лекі, або  ўзяць нейкую даведку.

Дапамагаць людзям у Будчанін, напэўна, у крыві. А за час дэпутацкай дзейнасці нават жыццём рызыкаваць даводзілася. Не ўсякі і мужчына кінецца ў палаючую хату, каб да прыезду выратавальнікаў адтуль вынесці газавы балон. У жыцці Будчанін такі выпадак  быў. Сапраўды, яе адчаю і рашучасці можна толькі пазайздросціць. Пра такіх жанчын яшчэ вядомы літаратар пісаў, што яны і ў агонь рынуцца, і каня здольныя спыніць на хаду. Дарэчы, са згаданай жывёлінай Людміла Будчанін умее ўпраўляцца  выдатна, не адзін год трымала скакуна на ўласным падворку.

— Дэпутацтва патрабуе не толькі клопату пра турботы выбаршчыкаў, але і абавязвае паказваць уласны прыклад іншым, што паляпшэнне ўмоў нашай жыццядзейнасці залежыць найперш ад нас саміх, — заўважае Людміла Мікалаеўна. — Таму заўсёды трымаю сваю сядзібу ва ўзорным парадку. Дарэчы, нямала сіл прыйшлося пакласці, каб і дом адбудаваць, і гаспадарку з агародам належна дагледзець. На вёсцы ўсё, нібы на далоні.

Распавядаючы пра грамадскую дзейнасць, жанчына не прамінула нагадаць, што яе паспяховасць у многім залежала і ад асноўнага месца працы. Больш як два дзясяткі гадоў яна загадвала мясцовым клубам, куды жыхары наведваліся на розныя мерапрыемствы. Падчас іх не абміналі выпадку, каб данесці набалелыя пытанні абранніцы.  Культработнік і сама бывае частым госцем у дамах вяскоўцаў, асабліва пажылых. Таму руку на пульсе жыцця паселішча трымала і трымае пастаянна. Радуе Людмілу Мікалаеўну і лад у сям’і. Выхавала чацвярых дзяцей, мае шэсць унукаў. Чакае сёмага нашчадка.  Канечне, без цяжкасцей і страт не абышлося, але і ў горы і ў радасці яна заўсёды з землякамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.