І двухтысячны намалот па сілах

Урачыстасцю ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” напрыканцы мінулага тыдня завяршылі ўборку каласавых у нашым рэгіёне.  Мерапрыемства атрымалася надзвычай пазітыўным. Мясцовым хлебаробам і гасцям было чаго радавацца.

На толькі што ўбраным палетку роўны строй сельгастэхнікі. Абмалочаная ніва аж стракаціць ад рознакаляровых яркіх фарбаў адзення артыстаў. Яны велічальнай песняй ухваляюць тутэйшых камбайнераў і вадзіцеляў, спецыялістаў, якія завяршылі вялікую справу, шматлікіх гасцей.

У сваім прывітальным слове старшыня райвыканкама Аляксандр Сідарэнка адзначыў, што нават і ў такі неспрыяльны год земляробы “Тураўшчыны” парадавалі багатым караваем.

— Валавы намалот зерня па раёну склаў 22098 тон, — прааналізаваў вынік жніва Аляксандр Мікалаевіч, — і, вобразна кажучы, кожная другая тона ў ім (11776 тон)  — тураўская. У сярэднім з гектара атрымалі па 24 цэнтнеры збажыны, а ў сельгаспрадпрыемстве — па 50,5. Гэта адзін з найлепшых вынікаў не толькі на Жыткаўшчыне, але і на Гомельшчыне, што сведчыць аб высокім прафесійным майстэрстве і самааддачы спецыялістаў таварыства.

— Дзякую за старанне, працавітасць і цягавітасць.  Менавіта вашымі залатымі рукамі здабыты важкі каравай, якім можам ганарыцца, — з вялікім хваляваннем і задавальненнем гаварыла сваім падначаленым дырэктар ААТ Раіса Страх. — Сапраўды, мы шмат прыклалі намаганняў, не лічыліся з уласным часам, але ўсе высілкі вартыя цяперашняга  дасягнення.

Кіраўнікі раёна і гаспадаркі ўзнагародзілі сапраўдных герояў жніва-2021: камбайнера Івана Кузьміча і вадзіцеля Дзмітрыя Рая. Іван Іванавіч за сезон на палетках роднай гаспадаркі намалаціў больш як дзве тысячы тон зерня. Факт па праву ўвойдзе ў гісторыю хлебаробскай славы рэгіёна, бо дабіцца такога паказчыка на старэнькім камбайне айчыннай вытворчасці да гэтай пары не ўдавалася ні аднаму механізатару. Канечне, у біяграфіі камбайнера меліся важкія намалоты, але яны не дацягвалі да такой запаветнай лічбы.  Стомленасць на твары Кузьміча выдавала, наколькі моцна вырабіўся гэты чалавек, колькі сіл аддаў, каб сабраць вырашчанае.

— Зразумела, кампанія крыху сцягнулася, але больш папрацавалі і большага дабіліся, — весела  азваўся Іван Іванавіч. — Быў сёлета першым тысячнікам, а завяршыў жніво з двухтысячным намалотам.

Эстафету віншаванняў ад кіраўнікоў падтрымаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. Ён нагадаў, як нялёгка ў бягучым годзе было расціць хлеб, якія складанасці пераадольвалі падчас уборкі.

— Мы добра падрыхтаваліся і арганізаваліся, што прынесла належны плён, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. — Сёння як ніколі раней гаспадаркі падстаўлялі на жніве адзін аднаму  плячо падтрымкі. Талакой збіралі зерне ў ААТ “Людзяневічы”. І на тураўскай зямлі каласавыя ўбіралі камбайнеры з “Коленскага”, “Бялёва”, “Людзяневічаў”, “Чырвонага Бора”, “Жыткавічыхімсервіса”. Такая дапамога заслугоўвае самай цёплай і шчырай удзячнасці, бо ўсе стараліся, каб не ўпусціць спрыяльнае надвор’е, тым самым пазбегнуць на палетках вялікіх страт.

Мікалай П’яўко таксама парадаваў тураўчан узнагародамі і падарункамі. Іх ён уручыў камбайнеру Віталю Сімончыку і вадзіцелю Сяргею Бічку, якія ўліліся ў рады хлебаробаў-тысячнікаў. Па словах намесніка дырэктара таварыства па ідэалагічнай рабоце Арцёма Кузьміча, ганаровага рубяжу ў гаспадарцы дасягнулі 8 камбайнераў і 7 вадзіцеляў.

Свой уклад ва ўшанаванне  герояў сёлетняга жніва ўнеслі і прафсаюзныя лідары раёна Уладзімір Гулюта і Уладзімір Радавец, а таксама самадзейныя артысты ўстаноў культуры Турава і Запясочча.  Народныя ансамблі “Ярок”, “Запясочанка”, сямейны “Абібок” радавалі ўсіх сваёй творчасцю. Несціхана лілася музыка над зжатай ніўкай, тым самым пацвярджаючы народнае выслоўе: ёсць хлеб, звініць і песня.

Сяргей Белка

Фота Святланы СЕВАСЦЬЯНАВАЙ

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.