Новым аўто папоўніўся парк аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі

Новым аўто папоўніўся парк аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы.

Машына расійскай вытворчасці набыта згодна з дзяржаўнай праграмай “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады”. Перад тым як уручыць ключы, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі падзякаваў калектыву за сумленную працу, назваўшы гэту службу пярэднім краем у барацьбе з хваробамі, і пажадаў далейшага плёну на карысць людзей. За рулём “Газелі” будуць пазменна працаваць Міхаіл Якімцаў, Сяргей Друк і Анатоль Грабаван. Іх папярэдняя службовая машына верай і праўдай адслужыла 11 гадоў.

Сёння ў гаражы аддзялення налічваецца шэсць спецыялізаваных аўто, папярэдняе абнаўленне ў адну адзінку адбылося летась. Сярэднегадавы прабег кожнай нашай “хуткай” складае каля 80 тысяч кіламетраў. Пры такой нагрузцы рэсурс, зразумела, зніжаецца, але дзякуючы правільнаму тэхнічнаму абслугоўванню, якое ажыццяўляюць вадзіцелі, машыны не выходзяць са строю як мага даўжэй.

Дарэчы, разам з транспартам, згаданае аддзяленне сёлета папоўнілася і неабходным абсталяваннем. Яго ўкамплектавалі двума партатыўнымі апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх і парай аспіратараў, ці прыбораў для выдалення вадкасцяў з поласцей арганізму. Акрамя таго, персанал пераапранулі ў новыя камплекты сезоннай формы.

Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.