Працавалі без канікулаў

Наведванне Дзякавіцкай установы адукацыі пакінула прыемныя ўражанні. Адразу адчувалася, што калектыў пастараўся, каб школа прыняла сваіх выхаванцаў першага верасня ў абноўленым выглядзе.

Ужо, ступіўшы на аграмадную тэрыторыю, былі бачны высілкі персаналу. Усюды пакошана, клумбы дагледжаныя, альтанкі адрамантаваныя, белізной адсвечваў падмурак будынка. У ім самім вітаў пах фарбы, а ў цішы калідораў нягучна перагаворваліся тэхнічкі. Таццяна Дубіцкая і Зінаіда Васіленка, так бы мовіць, падводзілі ў летніх клопатах апошнія штрыхі: мылі вокны, развешвалі фіранкі, каб зрабіць класы яшчэ ўтульнейшымі.

— Усё сваімі рукамі выконвалі, — расказваюць жанчыны, — фарбавалі падлогі і сцены, клеілі шпалеры. Працавалі сумленна, ашчаджваючы кожны кілаграм фарбы, іншых будаўнічых матэрыялаў.

Такія адносіны невыпадковыя, бо ўсё, што набывалася для рамонту, куплялася на ахвяраванні  калектыву. З апошняга, чым папоўнілася гаспадарчая частка школы, — газонакасілка.

Намаганнямі самога дырэктара зроблена шмат. У класах з’явіліся абноўленыя школьныя дошкі, а ў дзіцячым садку ровары і самакаты. Як вынікала з нашай размовы з тэхперсаналам, а пазней і з дырэктарам установы Валянцінай Рудой, асабліва  непакоіць усіх напаўняемасць класаў і дзіцячага садзіка. Толькі нядаўна стала зразумела, што будзе 10 клас. Ды і па выхаванцах-дашкольніках таксама ёсць пытанні. Вось такія яны — гарызонты вясковай адукацыі ў наш час. Але ў Дзякавічах спадзяюцца на лепшае. Па словах выконваючага абавязкі старшыні сельвыканкама Васіля Віннікава, вучнёўскі і педагагічны калектыў мясцовай школы з’яўляецца важным звяном у грамадскім жыцці адміністрацыйнай тэрыторыі. Выхаванцы і настаўнікі пастаянна падтрымліваюць у парадку мемарыял, які ўстаноўлены  ў памяць загінуўшых землякоў, дапамагаюць у іншых справах па добраўпарадкаванні паселішча. Вялікая роля настаўнікаў і ў выкараненні асацыяльных з’яў. Васіль Васільевіч упэўнены, што і ў новым навучальным годзе наладжанае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках не аслабне.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.