Школы трымалі экзамен

Сярэдзіна жніўня. Традыцыйна на гэты час выпадае прыёмка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Наколькі паспяхова спрацавалі калектывы, разам з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Таццянай Русай высвятлялі супрацоўнікі РАНС Андрэй Клімюк і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Вольга Ільеня.

Дырэктар Хільчыцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Анжэла Дзербянёва камісію сустракала ў прыўзнятым настроі. І кіраўніку радавацца было ад чаго. Нарэшце знайшліся сродкі, каб адрамантаваць дах, які пашкодзіла стыхія.

– Закупілі неабходныя матэрыялы. Работнікі ПМК выправяць недахоп, – расказвае Анжэла Міхайлаўна. – Потым уласнымі сіламі возьмемся за столю. Канечне, непагадзь нам падкінула клопатаў, дажджы падмачылі памяшканне, але да першага верасня ўсё паправім. Работа не спыняецца.

Што словы ў Хільчыцкай школе не разыходзяцца  са справай, можна было бачыць у дзіцячым садзе, спартыўнай зале, майстэрні, шэрагу  класаў, дзе ўсё гатова да вучобы. Яшчэ адзін значны набытак атрымала ўстанова – новенькі аўтобус. З улікам таго, што большая частка дзяцей падвазныя, без  транспарту не абысціся.

Парадаваў грунтоўнай падрыхтоўкай і Верасніцкі дзіцячы сад. Пазітыўны настрой выхаванцам тут стварае не толькі праведзены рамонт, але і нанесеныя паўсюдна малюнкі. У такіх добрых умовах малыя з вялікім задавальненнем спажывалі сняданак, а падсілкаваўшыся, прыступілі да заняткаў.

Пастараліся да навучальнага года і ў Запясоцкім дзіцячым садзе-базавай школе. Тут адчувалася гаспадарчая рука, пасля праведзенага капітальнага рамонту ўсё захавалі, як мае быць. Вось толькі ёсць праблема ў спартыўнай зале, але за лета яе ўхілілі.

Нямала зрабілі за канікулы і ў Верасніцкай, Малешаўскай і Тураўскай №2 школах.  Канечне, пэўныя заўвагі ў супрацоўніка аддзела па надзвычайных сітуацыях узніклі, але яны нязначныя і іх выправіць па сілах самім калектывам.

– Падрыхтоўка ў асноўным вялася на ахвяраванні работнікаў устаноў, бацькоў і шэфаў, – канстатуе начальнік аддзела адукацыі Таццяна Русая, – і за такое старанне патрэбна выказаць усім словы ўдзячнасці. Да першага верасня яшчэ ёсць час, каб ухіліць выяўленыя недахопы. Сваіх выхаванцаў  школы і дзіцячыя сады прымуць належна падрыхтаванымі.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.