За штурвалам камбайна вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці Сяргей Шапавалаў

Сяргей Шапавалаў – вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці г. Жыткавічы. Больш як  два дзясяткі гадоў падчас жніва ён бярэ адпачынак і працуе на палетках камбайнерам.

Свае першыя крокі на хлебнай ніве Сяргей зрабіў у 2000 годзе ў якасці памочніка камбайнера. З той пары кожнае лета мяняе руль аўтамабіля на штурвал “стэпавага карабля”. Пасля заканчэння каледжа ў Пінску ўбіраў збажыну ў сваёй роднай вёсцы Кольна. У 2004 годзе перайшоў на службу ў аддзел па надзвычайных сітуацыях. Але так і застаўся верным хлебаробскаму доўгу.

– Праца ў полі – гэта справа для душы, –гаворыць камбайнер. – Незалежна ад таго, знаходзішся ты за рулём аўтацыстэрны, або ўборачнага агрэгата, заўсёды адчуваеш тую адказнасць, якая ўскладзена на цябе. Бо выконваеш работу, патрэбную людзям.

Зараз Сяргей шчыруе ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Жыткавічыхімсервіс». На замацаваным КЗСе Шапавалаў у сціслыя тэрміны правёў абмалот збожжавых палеткаў прадпрыемства, а пасля накіраваўся на дапамогу людзяневіцкім аграрыям. На 9 жніўня ён выдаў з бункера сваёй машыны 450 тон зерня.

– Дзень у ролі камбайнера распачынаецца звычайна з абслугоўвання машыны, прадування фільтраў, ачысткі ад пажніўных рэшткаў, змазкі і іншых дробных рамонтаў, – расказвае выратавальнік. – Толькі пры такой умове можна разлічваць на высокі намалот.

– Вельмі задаволены тым, як Сяргей працуе ў нашай арганізацыі, – дзякуе памочніку дырэктар ААТ Ігар Галавач. – Яго цярпенне і прафесіяналізм, стараннасць, добрае валоданне тэхнікай дазваляюць калектыву без страт збіраць вырашчаны ўраджай.

Па словах калег-выратавальнікаў, Шапавалаў з тых людзей, якія працуюць не дзеля славы, а на карысць сваёй малой радзімы.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.