Дбаюць пра хлеб і да яго. Як у Жыткавіцкім раёне ідуць асеннія палявыя работы

Нарыхтоўка кармоў і сяўба азіміны – асноўныя прыярытэты дзейнасці працаўнікоў акцыянернага таварыства “Людзяневічы”.

Уладзімір Гатчэня — механізатар вопытны. Менавіта яму кіраўніцтва гаспадаркі даверыла закладваць падмурак будучага ўраджаю. Каб весці важную работу якасна, забяспечылі земляроба імпартнай сеялкай. Яе ўзялі ў арэнду ў ААТ “Тураўшчына”. Хаця агрэгат і не новы, але ж лепшы за тыя, якія маюцца ў сельгаспрадпрыемстве.

— Пастараемся набыць больш дасканалую пасяўную машыну, няхай і бэушную, — разважае кіраўнік сельгаспрадпрыемства Максім Самігулін. — Гэта дасць магчымасць выконваць агратэхніку на значна лепшым узроўні.

— Надвор’е не перашкода, — заўважае Уладзімір Канстанцінавіч, які на полі шчыруе з рання да вечара, — землі па свайму складу ў нас лёгкія, таму тэхніка не грузне і падчас дажджоў, што дазваляе бесперапынна працаваць.

Хутка загрузіўшы насеннем бункеры, у чым спрактыкаванаму сейбіту дапамагае малады калега Яўген Дудзіч, Гатчэня накіроўваецца на загон. Зярняты кладуцца ў добра падрыхтаваную глебу.

— У нас яшчэ адна сеялка знаходзіцца ў рабоце, — расказвае в.а. дырэктара акцыянернага таварыства Максім Самігулін. — Таму тыя пяцьсот гектараў, што вызначаны заданнем, пасеем у вызначаныя тэрміны. Хаця ставім задачу размясціць азімыя каласавыя на максімальнай плошчы. Галоўнае, каб надвор’е таму паспрыяла.

Рацыянальнае зерне ў гэтым ёсць. Азімыя культуры больш ураджайныя за ярыну. І бягучы спякотны год у чарговы раз гэта пацвердзіў. Людзяневіцкія палеткі з аўсом і ячменем амаль усе павыгаралі, не даўшы належнай аддачы. І мясцовыя спецыялісты з гэтага не толькі вывады зрабілі, а бягучай восенню прымаюць адпаведныя захады, каб у будычым не застацца без збожжа. Асаблівая ўвага насенневодству.

— Сеем матэрыялам толькі высокіх рэпрадукцый, — расказвае Максім Самігулін. — Завезлі эліту жыта і пшаніцы. Дарэчы, ужо некалькі гадоў апошнюю культуру тут не вырошчвалі. Будзем купляць і трыцікале, таксама займемся і гібрыдамі каласавых. Калегі з іншых сельгаспрадпрыемстваў вельмі іх нахвальваюць за аддачу.

Сяўба ў акцыянерным таварыстве даўно перайшла экватар. Упэўнены, што і заканчэнне яе не за гарамі, болей за дзвесце гектараў падрыхтаваных палёў чакаюць запраўкі насеннем. У планах вераснёўскіх дзён — таксама правядзенне на перспектыўных пасевах ахоўных мерапрыемстваў. Гэта таксама упершыню за многія гады. Як прызнаўся кіраўнік гаспадаркі, на плошчы пад пшаніцай для аграпрыёма і прэпараты набытыя.

Максім Самігулін узначальвае ААТ “Людзяневічы” ўсяго некалькі месяцаў. Нават яшчэ ад прыстаўкі “ВА” дырэктара не пазбавіўся. Але нельга не заўважыць, як ад яго сыходзіць аптымізм і ініцыятыва, што зараджаюць калектыў на стваральныя справы. І падначаленыя гэта адчуваюць, вынікова працуючы на палях і лугах. Кукурузны палетак тутэйшыя механізатары ўбралі ўжо на семдзясят пяць працэнтаў. Добрая ўраджайнасць культуры дазволіла назапасіць больш як дванаццаць тысяч тон спажыўнага сіласу. У планах мець такога корму не меней за шаснаццаць тысяч тон. Акрамя кукурузы, у сельгаспрадпрыемстве вядуць закладку фуражу і з траў. Атавы, па сведчанні Максіма Самігуліна, дастаткова, каб папоўніць кармавы запас. З усведамленнем, што будуць кармы — будзе і малако, працуюць і на сяўбе. Частку горшых пасеваў азіміны вясной скарыстаюць для рацыёнаў жывёлы. Таксама для гэтага восенню на двухстах гектарах размясцілі свірэпіцу.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.