Цікавае – побач!

У дзень пажылога чалавека вучні нашай школы наведалі адзінокіх састарэлых і былых работнікаў школы.

Зінаіда Пракаповіч чакала нас на сваім падворку. Усмешлівая, пазітыўная, з кожным паасобку абнялася, распытала ў дзяцей пра поспехі ў школе. А яны, у сваю чаргу, падаравалі ёй кветкі і невялікія сувеніры, зробленыя ўласнымі рукамі. Акрамя гэтага, уручылі салодкі пачастунак, арганізаваны саветам ветэранаў школы, які ўзначальвае Надзея Хаміцэвіч.

А Зінаіда Фёдараўна здзівіла нас цудам прыроды: на яе агародзе вырас гіганцкі грыб-дажджавік. Такога нават я ніколі не бачыла! Памерам – большы за галаву, невялікая ножка, вага 1,900 кг. Аказваецца, гэты грыб ядомы! Па смаку нагадвае баравік. Яго вараць, а можна, парэзаўшы на лустачкі, смажыць на патэльні, паведаміла Зінаіда Фёдараўна. Расказала, як у дзяцінстве з сёстрамі пасля дажджоў шукалі гэтыя грыбы, каб добра наесціся. Нагнала апетыту!

Гігант чакае ўнукаў жанчыны. А іх у Зінаіды Фёдараўны – сямёра, ды ўсе хлапчукі!

Чацвёра дзяцей выгадавалі разам з мужам Юзікам. На жаль, гаспадара ўжо няма 20 гадоў. Аднак кожны мог бы павучыцца ў гэтага чалавека жыццёвай мудрасці, цярпенню і добраму стаўленню да людзей.

Валянціна Емельяновіч,

класны кіраўнік 7 класа

Мілевіцкага дзіцячага сада-базавай школы

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.