Каб жылося камфортна і бяспечна

Ленінскі сельвыканкам планамерна вядзе работу па добраўпарадкаванні тэрыторый і паселішчаў. Прыкладзеныя намаганні прыносяць нядрэнны плён.

Сярод прыярытэтаў – устаноўка і рамонт агароджаў. Іх абнавілі з пачатку года амаль два кіламетры, больш як два з паловай  прывялі ў парадак. Гэтая праца вялася як на вуліцах, так і на могілках. Пафарбавалі болей за тысячу метраў. Упэўнена мясцовая ўлада змагаецца і з аварыйнымі дрэвамі, якіх спілавалі сто сем, акрамя таго высаджана новых 238. За лета абкошана 27 гектараў тэрыторый, устаноўлена 17 малых архітэктурных формаў. У асноўным справы арганізоўваюцца ўласнымі сіламі работнікаў Савета, але яго кіраўніцтва актыўна прыцягвае і грамадскасць, Разам з насельніцтвам  на адміністрацыйнай тэрыторыі правялі шаснаццаць суботнікаў. На іх вяскощцы наводзілі парадак на могілках, у грамадскіх месцах, дзе абнаўлялі агароджы, пілавалі аварыйныя дрэвы, ачышчалі тэрыторыю ад смецця. Такім чынам удалося дабраўпарадккаваць дзевяць пагостаў. У ліку актывістаў Вера Лунцэвич. Родам жанчына пажылога веку з Палосцевічаў, але ўсё жыццё, лічы, пражыла ў Леніне. Як і прадстаўнікам яе пакалення хапіла на долю жанчыны выпрабаванняў: працавала у калгасе, пасля ў МТС, калі ж тую закрылі, перайшла ў школу справаводам. Разуменне, што акрамя месцічаў ніхто  іншы не будзе  наводзіць у іх краі парадак, вымусіў звярнуцца да аднавяскоўцаў, каб сабраць сродкі на выпільванне дрэваў на могілках, як у родных Палосцьевічах, так і ў аграгарадку. Скарыстоўвала любую магчымасць, каб расшукаць землякоў, данесці да іх важнасць пачынання. І справілася з гэтым з гонарам.

– Там жа нашыя продкі, на якіх мы забывацца не павінны, – расказвае Вера Ануфрыеўна. Ды скажам, што старое дрэва зваліцца на помнікі, паб’е іх. Урон даволі вялікі будзе нанесены магілам. Таму і ўзялася за работу. Канечне, праводзіла яе не адна, а з памочнікамі Аленай Горбат, Нінай Таболіч і іншымі.

– Вось на такіх людзях і трымаецца наша супраца, – зазначае кіраўнік справамі сельвыканкама Інеса Глушань. – Менавіта дзякуючы ім сабрана па самаабкладанні паўтары тысячы рублёў і чатыры з паловай тысячы ахвяраванняў насельніцтва.

Важным накірункам дзейнасці вясковай улады з’яўляецца работа з пустуючымі хатамі. Такіх у Савеце выяўлена 16, прычым чатыры за апошні год. Столькі ж знята з уліку без зносу, а за кошт правядзення іншых мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні. Яшчэ пяць памяшканняў ліквідаваны. Дзякуючы прымаемым захадам, судом прынята рашэннне аб зносе васьмі будынкаў. Зямельныя надзелы, якія вызваліліся, а гэта 1,69 гектара, перададзены людзям для гаспадарчых патрэб.

У Ленінскім Савеце на цяперашні час пражывае 968 чалавек, з іх 609 – у аднайменным аграгарадку. На адміністрацыйнай тэрыторыі маюцца дзіцячы сад-сярэдняя школа, маладзёжны Цэнтр культуры, участковая бальніца, аптэка, аддзяленне паштовай сувязі, некалькі магазінаў. Стацыянарныя аб’екты культуры і гандлю размешчаны таксама ў Грычынавічах. Вытворчая сфера прадстаўлена  лясніцтвам, структурным аддзяленнем ААТ “Людзяневічы” і участкам РЭС.

Сельвыканкам пастаянна клапоціцца не толькі аб тым, каб жыццё людзей было камфортным, і яны мелі неабходныя паслугі, а і аб бяспецы. У гэтым асаблівую дапамогу аказвае назіральная камісія. Яе спецыялісты абследавалі амаль чатырыста домаўладанняў. Канечне, яшчэ не ўсе пытанні вырашаны паспяхова, але вясковая ўлада, як бачна, прыкладвае для гэтага належныя намаганні.

 Сяргей БЕЛКА

Фота Аляксанда Кіцуры

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.