Народнай скарбніцы захавальніца

Пагост лепей Нью-Йорка. Гадоў дзесяць назад гэтая фраза здіўляла не толькі беларусаў: у  чым жа невялікая палеская вёсачка пераўзышла сусветна вядомы мегаполіс? Таямніца раскрылася хутка, кожны, хто хоць раз пабываў у паселішчы, адразу пранікаўся яго аўтэнтычным укладам жыцця, народнымі традыцыямі і незвычайным  спеўным строем, турыстычнай прыцягальнасцю. Шмат высілкаў для гэтага прыклала Кацярына Панчэня, якая многія гады з’яўляецца захавальніцай духоўнай скарбонкі сваёй малой радзімы.

– Кацярына Аляксееўна, я вам падаруначак прывезла. Вітамінак, – з гэтымі словамі Любоў Юліанаўна  паставіла на стол паўлітровы збанок журавін. – Сама назбірала. хату да Кацярыны Аляксееўны  з загадчыкам аддзела традыцыйнай культуры і фальклору Любоўю Трафімовіч зайшлі пасля абеду. Прывіталіся, як водзіцца, жанчыны хутка знайшлі агульную мову.

– Не называйце мяне так, проста звяртайцеся баба Каця. Што не кажы, а праз некалькі дзён восемдзясят споўніцца, – паправіла гаспадыня госцю. – А за падарунак дзякуй. Гадоў дзесяць назад я вам гэтых ягад па вядру насыпала б. Месяцамі з балота не вылазіла. Так ужо жыццё складвалася, што пра ўнукаў турбавалася і дапамагала. З маёй пенсіяй ў такой справе вельмі не разгонішся.

З журавіннай тэмы гаворка паступова перайшла ў рэчышча спраў культурных. Суразмоўцы абмеркавалі некаторыя моманты юбілейнай вечарыны, якую рыхтуюць да гадавіны бабы Каці.

– Я ж гасцей ужо запрашаю. Нядаўна патэлефанавала старшыні райсавета: выбачце, калі ласка, зашкаруплую калгасніцу, што звярнулася. А ён мне: «Якая ж вы зашкаруплая? Вы ў нас ганаровы жыхар раёна». Ну, вось і акажыце гонар, прыедзьце на свята, – коратка перадала дыялог з прадстаўніком улады Кацярына Аляксееўна. – Яшчэ і старшыню райвыканкама пазвала і яго першага намесніка чакаю і іншых. Зразумела, сяброў і радню. Адных толькі праўнукаў маю адзінаццаць.

Сапраўды, чалавеку, які трыццаць пяць гадоў дарыў святочны настрой іншым, вельмі хочацца, каб у знакавую падзею яго жыцця ў зале мясцовага клуба таксама быў  аншлаг, пры якім заўсёды выступаў створаны ёю фальклорны ансамбль «Міжрэчча». З ім Кацярына Панчэня не парывае сувязі і зараз. Пры любой магчымасці  мастацкі кіраўнік калектыву прыцягвае Кацярыну Аляксееўну да выступленняў.

– Гэта ж у мінулую суботу ездзілі спяваць аж на Гарадзеншчыну на свяце млынароў, адкуль прывезлі чарговыя ўзнагароды. Шкада, што здароўя не маю, але ж і адмовіць не магу, настолькі моцна ў маім сэрцы жыве любоў да роднай песні, – расказвае Панчэня пра апошнюю гастроль.

Матуліна песня для Кацярыны Аляксееўны своеасаблівы бальзам, які лечыць яе зраненую душу ад шматлікіх жыццёвых нягод. А іх на вяку жанчыны было нямала. Трагедыя для кожнай маці – хаваць сваіх дзяцей. Такіх бед у лёсе бабы Каці не адна. Але яна пераадольвала ўласныя пачуцці і зноў ішла на сцэну. Магчыма, больш сумныя матывы гучалі тады ў яе выкананні, але яны былі настолькі кранальнымі, што ў гледачоў на вачах з’яўляліся слёзы. Самадзейная артыстка верыла, што страта родных людзей – гэта не канец жыцця, яно развіваецца па сваіх законах, яго не спыніць. Таму не закопвала ўласны талент у зямлю, а імкнулася яшчэ больш удасканаліць яго, пашырыць рэпертуар самадзейнага калектыву. Дарэчы, пад кіраўніцтвам Кацярыны Аляксееўны «Міжрэчча» набыло надзвычай вялікую папулярнасць. Ансамбль атрымаў званне народнага, паспяхова выступаў на розных фестывалях і конкурсах, удзельнічаў у здымках на тэлебачанні. А паказаны імі абрад «Юраўскі карагод» атрымаў статус сусветнай нематэрыяльнай каштоўнасці.

– Я ніколі не шукала славы, яна мяне знайшла сама, – дзеліцца сакрэтам поспеху Кацярына Аляксееўна. – Я проста працавала, рабіла сваю справу так, каб не было сорамна перад людзьмі.

І гэта чыстая праўда. Праца для Панчэні – яшчэ адна аддушына ад жыццёвых нягод Так, нялёгка даводзілася, прызнаецца жанчына, але ж жыць неяк патрэбна было, дзяцей  ставіць на ногі. Ад мужа, па словах кабеты, дапамогі мала бачыла, таму ўсё на ўласных плячах трымала. Акрамя калгаса, дзе працавала баба Каця звенявой у паляводстве і брыгадзірства на цагельні, дома чакала вялікая гаспадарка. Жанчына ўмела спраўлялася і з плугам, і з касой, магла і стог завяршыць. Але і гэтыя спрадвечныя сялянскія клопаты не  згубілі падараванага ёй прыродай таленту. Па вечарах яна старанна ткала і вышывала, а яшчэ з вялікай любоўю слухала матуліныя спевы і як хораша грае на гармоніку бацька.

З гадамі Кацярына Аляксееўна не разгубіла гэтага духоўнага дару, а наадварот прымножыла. Кросны ў доме ставіць яна і сёння. «А што рабіць адной, – кажа майстрыха, – а так занятак на цэлую зіму маю». Цяпер яе хата нагадвае сапраўдны музей вышыўкі і ткацтва. Гэта без уліку тых рэчаў, што бескарысна падаравала іншым. Ды і касцюмы артысткам з «Міжрэчча» таксама не раз шыла ўласнаручна. Іх дасканаласцю і прыгажосцю, мясцовай адметнасцю захапляліся і ў Германіі, і ў Расіі, куды калектыў ездзіў на гастролі. Асаблівыя ўспаміны ў Панчэні пра выступленні ў Германіі, дзе яны спявалі ў цэрквах. Немцаў уражвала, што робяць паляшучкі гэта без мікрафонаў і фанаграм. Мэр Дрэздэна настолькі прыйшоў у захапленне, што прыехаў у Пагост, каб выведаць сакрэты выканальніцкага стылю і яшчэ раз атрымаць ад яго асалоду. Канечне, што не толькі займаліся пагастчанкі канцэртнай дзейнасцю, але і знаёміліся з чужой культурай, сустракаліся з тамашнімі жыхарамі, але ўласнай творчасцю даводзілі, што няма нічога мілей за родную старонку.

Бабе Каці давялося нарадзіцца ў трагічную пару. У яе край прыйшла бязлітасная крывавая навала. Яна мала памятае пра той час, але добра ведае, што ў віхуры ліхалецця магла згарэць у курані, калі б не немец, які з яе, трохгадовай дзяўчынкі, не сарваў палаючы бацькоўскі фрэнч. Відаць гэта невыпадкова, усявышні наканаваў ёй іншы лёс, прайсці вялікай жыццёвай дарогай не надта лёгкай, але напоўненай высокай духоўнасцю, цёплай спагадлівасцю і ўдзячнасцю да таго, што назаўсёды ляжыць у аснове святыні беларускага народа, яго бясмерцця – культурных скарбаў нашых прашчураў.

Сяргей Белка

 

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.