Памятаць, каб жыць

Першым Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у новым годзе 2022-гі абвешчаны ў краіне Годам гістарычнай памяці. З гэтай нагоды мы запыталіся ў жыхароў раёна, якія гістарычныя ўрокі важна засвоіць беларусам?
Галіна Блоцкая,  вёска Браніслаў:
— Мяркую, правільна, што бягучы год будзе праходзіць пад знакам гістарычнай памяці. У значнай ступені гэта вынік леташніх спраў па кансалідацыі і ўмацаванні адзінства беларусаў. Менавіта традыцыі продкаў, іх дасягненні з’яўляюцца тым падмуркам, на якім мы ўзводзім сваю будучыню, развіваемся. На маю думку, сям’я, род, краіна – гэта  асяроддзе, дзе стагоддзямі  закладваюцца найвялікшыя каштоўнасці беларускага характару, фарміруюцца светапогляд і грамадзянская пазіцыя. Галоўнае, якія высновы зробіць чалавек з урокаў мінуўшчыны. Дапамагчы выбраць правільныя арыенціры моладзі – гэта задача, над якой і працуе наш калектыў.
Ігар Міцюрыч, горад Тураў:
— Гісторыя Турава багатая на мноства падзей рознага характару. І вельмі радуе, што цяперашнія жыхары нашага  старажытнага паселішча надзвычай паважліва ставяцца да дасягненняў і традыцый прашчураў. Важна і тое, увесь гэты скарб не толькі зберагаецца, перадаецца нашчадкам, але і папулярызуецца на прасторах краіны і за яе межамі, таму з кожным годам большае людзей, якія ведаюць пра наш край. Лічу такі стан рэчаў найвялікшай справядлівасцю, бо беларусы заўсёды змагаліся за тое, каб “людзьмі звацца”. І зараз, калі аказваецца велізарны знешні ціск на нашу дзяржаву, мы не павінны забываць пра тое.
Алег Брэеў, горад Жыткавічы:
— Мне, як чалавеку вайсковаму, бліжэй за ўсё захады беларусаў, якія яны прымалі дзеля абароны сваёй Бацькаўшчыны. У гісторыі майго народа вельмі многа такіх гераічных старонак. За прайшоўшыя стагоддзі, якія толькі агрэсары не руйнавалі нашу зямлю. І заўсёды атрымлівалі годны адпор. Апошні прыклад  самаахвярнасці – перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Ці ж можна забыцца на тую трагедыю? І гэтае памкненне адлюстравана ў праекце Канстытуцыі. Важным дапаўненнем у ёй аб нашай міралюбівасці з’яўляецца і тое, што Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых краін.
Алена Аўдзейчык, горад Жыткавічы:
— Даўно вядома, што народ, які забываецца на сваё мінулае, не мае будучыні. Беларусам у гэтым плане, як бачна з прэзідэнцкага указа, шанцуе. Маладое пакаленне не толькі павінна памятаць пра знакавыя гістарычныя падзеі краіны, але рабіць усё, каб кожная з іх была належна ўвекавечана. Менавіта на гэтым і ставіць акцэнт ва ўласнай дзейнасці райкам БРСМ. Юнакі і дзяўчаты шмат намаганняў прыкладваюць па добраўпарадкаванні помнікаў загінуўшым воінам, праводзяць у гонар герояў патрыятычныя акцыі, шэфствуюць над ветэранамі і гэтак далей.
Сяргей БЕЛКА
Фота аўтара і з архіва апытваемых

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.