Трапныя стрэлы, лёгкі бег

Раённае саперніцтва па праграме зімняга шматбор’я “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнога і прызыўнога ўзросту прайшло на Жыткаўшчыне адначасова на трох спартыўных пляцоўках. Каманды старшакласнікаў з трынаццаці навучальных устаноў спаборнічалі ў цірах і спартыўных залах  гарадскіх СШ №2 і 3, а таксама на лыжа-ролернай трасе ў маладзёжным скверы. Менавіта тут і выявілі самых трапных, хуткіх і моцных.

Адкрыццё мерапрыемства адбылося на школьным двары СШ №3 райцэнтра. Падчас пастраення  з прывітальным словам да юнакоў звярнуўся ваенны камісар Жыткавіцкага райваенкамата Алег Брэеў.

— Шматбор’е “Абаронца Айчыны” дазваляе праверыць наколькі вы фізічна падрыхтаваныя да службы ў арміі, — падкрэсліў Алег Валер’евіч. — Менавіта фізкультура і спорт не толькі даюць здароўе, але і гартуюць характар. Такія якасці павялічваюць магчымасць годна прайсці армейскую навуку і стаць сапраўдным салдатам, якому па сілах ахоўваць мірнае жыццё сваёй Радзімы.

Алег Брэеў пажадаў юнакам паспяховых стартаў на дыстанцыях, бо кожны вучань, каб трапіць на раённы этап, праявіў сябе ўжо ў школе, і ёсць магчымасць паказаць свае ўменні і іншым равеснікам.

Першы экзамен юнакі здавалі ў школьных цірах. Выпрабаванне на трапнасць, на жаль, вытрымалі паспяхова не ўсе. Напэўна, гэта сведчанне недастатковых трэніровак. Разам з тым, некаторыя хлопцы  пры прыстрэлцы вінтовак, а для гэтага выдавалася па тры патроны, паказвалі нядрэнныя вынікі, выбівалі на мішэні дзявяткі і дзясяткі. Найбольш паспяховымі ў снайперскай справе сталі вучні Уладзіслаў Дземянкоў і Уладзіслаў Самойленка з СШ №1 г. Турава і СШ №3 райцэнтра, якія ў сваіх спробах набралі 27 і 26 ачкоў адпаведна. Хлопцаў прызналі і лепшымі ў агульным заліку ўсіх спаборніцтваў.

У падцягванні саперніцтва было намнога цікавейшым. Як расказаў выкладчык прафесійнага ліцэя Аляксандр Зэра, у гэтым відзе праграмы практыкаваліся выхаванцы не адзін дзень, таму і паказалі годныя дасягненні — падцягнуліся на перакладзіне па пятнаццаць і дваццаць разоў. Суддзі насупраць прозвішчаў выстаўлялі ў пратаколе ў большасці выпадкаў двухзначныя лічбы пад’ёмаў.

Масава выйшлі стар-шакласнікі і на лыжню. Тры кіламетры яны па нарматыву павінны былі пераадолець за дваццаць адну хвіліну. Зноў жа не ўсім скарылася дыстанцыя. Некага з дапрызыўнікоў падвёў інвентар, некага — слабая тэхніка,  а кагосьці — недастатковая фізічная падрыхтоўка. Таму сыходы з трасы былі не рэдкаў з’явай. Першым жа, хто выйшаў на старт лыжні і гэтак жа ў гордым адзіноцтве фінішаваў, — стаў Кірыл Пракаповіч. Паказаў хлопец і вынік нядрэнны — 14 хвілін і 13 секунд. Было відаць, што прапанаваная адлегласць для яго аказалася не такім і складаным выпрабаваннем, бо адразу пагадзіўся падзяліцца ўражаннямі.

— У мерапрыемстве “Абаронца Айчыны” ўжо ўдзельнічаў, таму добра ведаю, што лыжныя гонкі — самы працяглы і складаны этап. Але стараўся, хаця лыжня месцамі была не ў лепшым стане, — расказаў хлопец. — Канечне, ганяць на лыжах у мяне не вельмі атрымліваецца, больш люблю бегаць кросы, але  вынікам задаволены.

Дарэчы, у асабістым заліку сярод дапрызыўнікоў пасля трох відаў навучэнец СШ №2 г. Жыткавічы апынуўся на другім месцы.

Завяршыліся спаборніцтвы, калі апошні іх удзельнік перасёк фінішную рысу. Але гэта для школьнікаў. Суддзі ж актыўна пачалі падсумоўваць ачкі і балы, каб вызначыць мацнейшых. Па выніках трох этапаў пераможцамі і прызёрамі сталі каманды з сярэдніх школ №3  райцэнтра, №1 горада Турава (1 месца), гімназіі і Дуброўскай СШ (2 месца), Азяранскага дзіцячага сада-сядэдняй школа (3 месца). Цяпер лепшым дапрызыўнікам раённага этапа прыйдзецца адстойваць гонар Жыткаўшчыны на абласным узроўні. Будзем спадзявацца, што і там ім ўсміхнецца ўдача.  Каб гэта атрымалася, думаецца, старшакласнікі і іх трэнеры ведаюць, што рабіць — больш актыўна і настойліва трэніравацца.

Сяргей Белка

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.