З любоўю да мовы

У ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Жыткавічы імя Р.М. Тураўца» адбылося святкаванне Дня роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Дадзенае свята заўсёды належным чынам адзначаецца ў школе.

Удзел у ім прынялі амаль усе вучні нашай установы. На працягу дня на другім паверсе працавала выстава, прысвечаная беларускай мове. На ёй былі размешчаны вучнёўскія малюнкі, на якіх юныя мастакі змаглі выказаць сваю захопленасць прыгажосцю роднай зямлі.

На стэндзе «Камплімент роднай мове» было напісана шмат добрых і шчырых эпітэтаў; праведзена акцыя «Далучы сваю далонь», калі ты лічыш, што мы павінны карыстацца роднай мовай; арганізавана выстава насценгазет, прысвечаных  святочнай даце; праведзены тэматычныя інфармацыйныя гадзіны. У большай колькасці класаў прайшлі дыктоўкі.

Кожны настаўнік роднай мовы і літаратуры на сваіх уроках і ў пазакласны час імкнецца прывіваць вучням любоў і павагу да сваёй мовы. Вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскіх, абласных літаратурных конкурсах, дасылаючы напісаныя па-беларуску работы.

Такім чынам, у нашай установе адукацыі выхаванне цікавасці да вывучэння роднай мовы і нацыянальнай культуры праводзіцца праз самарэалізацыю вучняў на ўроках, у пазакласны час і ў разнастайных творчых і інтэлектуальных мерапрыемствах.

Нататку хочацца закончыць радкамі з верша Анатоля Балуценкі «Мова вернецца»:

Як ёсць цяпер, не будзе так заўжды,

Дасць людзям розум

Бог абавязкова,

Няхай не зараз, пройдуць хай гады,

Ды вернецца народу продкаў мова.

В. Касюк,

настаўнік беларускай мовы

 і літаратуры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.