Яны не сеюць хлеб, але іх уклад таксама важкі ў харчовай бяспецы краіны

Яны не сеюць хлеб, але іх уклад таксама надзвычай важкі ў харчовай бяспецы краіны. Размова аб спецыялістах Жыткавіцкага ПМС, якія штодзённай працай павышаюць урадлівасць сельгасугоддзяў раёна.

Зараз значныя тэхнічныя і людскія рэсурсы прадпрыемства знаходзяцца ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. Тут меліяратары вядуць рэканструкцыю адразу дзвюх сістэм. З галоўным інжынерам арганізацыі Сяргем Ляшкевічам наведваем адну з іх, “Дзень ураджая”.

— Работы выконваем даволі шырокім фронтам, — уводзіць у курс спраў Сяргей Сцяпанавіч. — Ачышчаем мясцовасць ад дзікарастучай расліннасці,  каналы, падсыпаем нізіны, выкарчоўваем пні.  Для гэтага выкарыстоўваем чатыры экскаватары, бульдозеры, пагрузчыкі, трактары на адвозцы. Адным словам, ёсць, дзе прыкласці рукі нашым спецыялістам і рабочым.

Сапраўды, за некалькі гадоў эксплуатацыі міліярацыйная сістэма значна паднасілася і цяпер не прыносіць жадаемай аддачы. Усяго адзін прыклад: пасля завяршэння рэканструкцыі акцыянернае таварыства “Тураўшчына” атрымае ў сваё распараджэнне дзвесце гектараў урадлівай зямлі. Зараз чвэрць  плошчы — гэта кустарнікі і балоты, якія не прыгодныя для сельгасвытворчасці. Вось меліяратары і вядуць з імі змаганне, каб праз восем месяцаў там размясціліся палі і лугі.

— Праектам прадугледжана, што рэканструкцыя пройдзе ў дзве чаргі. На гэта выдаткавана больш як сямсот тысяч рублёў, — расказвае Сяргей Ляшкевіч. — Хаця і аб’ёмы даволі значныя, але пастараемся ўкласціся ў вызначаныя тэрміны і выканаць запланаванае з высокай якасцю.

Таму і стараюцца працаўнікі Жыткавіцкага ПМС на кожным участку. Першым, з кім давялося сустрэцца, стаў экскаватаршчык Вадзім Асіпенка. За рычагамі машыны ён шчыруе з васьмі раніцы і да позняга вечара. Па словах спецыяліста за дзень ён ачышчае ад дрыгвы і пашырае два і болей кіламетраў каналаў.

— Экскаватар сучасны высокапрадукцыйны, таму і выпрацоўка адпаведная, — заўважае Вадзім, які ў арганізацыі не раз станавіўся пераможцам саперніцтва. — Ды і трынаццацігадовы стаж таксама ў дапамогу.

Уладзімір Жураўлевіч, Яўген Боган, Сяргей Шубянок, Юрый Краўчэня — гэта бадай самая масавая брыгада на ўчастку. Яны дружна збіраюць і перавозяць з каналаў і вызваленых участкаў драўніну. Характарызуючы гэты механізаваны атрад, заўважаеш, наколькі моцна тут праяўляецца сплаў вопыту і маладосці. Працаваць жа мужчынам даводзіцца нямала, за змену ў месцы складзіравання па каляінах і купінах дастаўляюць па некалькі тысяч метраў кубічных бярвенняў,  зрэзаных калегамі. Яны не прападуць, запэўніў галоўны інжынер. Значная частка пойдзе на ацяпленне вытворчых памяшканняў, штосьці рэалізуюць сваім работнікам. А вось дробная кустарнікавая расліннасць будзе сабрана ў спецыяльныя валы і ўтылізавана, ператворана ва ўгнаенне, якое пазней выкарыстаюць на павышэнне ўрадлівасці глебы.  У цеснай звязцы

 

з пералічанымі механізатарамі працуе на пагрузчыку Сяргей Чыгер, які аддаў меліярацыі трынаццаць гадоў.

— Канечне, нялёгкая ў нас работа, але прывыкаеш, — распавядае трактарыст. — Разам з тым заўсёды добры настрой, калі ты ўпэўнены, што твае высілкі будуць запатрабаваны і заўтра, і ў будучай перспектыве. Да таго ж нікуды не патрэбна ехаць у камандзіроўкі — клопатаў у раёне хапае, лічы дома.

Так, для меліяратараў бягучы год, дзякуючы даручэнням кіраўніка дзяржавы, які паставіў задачу, што кожную прыгодную лапіну зямлі варта вярнуць у севазварот, даволі багаты на заказы. У працаўнікоў Жыткавіцкага ПМС, акрамя згаданага аб’екта, яшчэ маецца цэлых два, дзе яны павінны правесці цэлы комплекс работ. Гэта на Найда-Бялёўскай сістэме. Тут трыста гектараў адноўленай спецыялістамі Жыткавіцкага ПМС атрымае ў сваё карыстанне ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Яшчэ адзін аб’ёкт знаходзіцца на Тураўшчыне ля вёскі Буразь. Несумненна, што такія важкія і важныя для аграрнага сектара справы вымушаюць меліяратараў не расхалоджваца. І калектыў прадпрыемства даказвае ўласны прафесіяналізм, як гэта ўжо рабіў неаднойчы дружнай і выніковай дзейнасцю.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.